Навіны Навіны Беларусі

Гандаль незалежнасцю Беларусі недапушчальны

Гандаль незалежнасцю Беларусі недапушчальны

2580 Праглядаў Мінск
Правацэнтрысцкая кааліцыя заяўляе аб недапушчальнасці здачы незалежнасці Беларусі ў абмен на эканамічныя прэферэнцыі з боку Расійскай Федэрацыі.

«Заява з боку расійскіх чыноўнікаў, прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, дэпутатаў Дзяржаўнай Думы змяшчаюць пагрозы акупацыі Беларусі па крымскаму сцэнарыю, зняважваюць нашу краіну і з’яўляюцца недапушчальнымі», — заявілі лідары правацэнтрысцкай кааліцыі.

Подпісы пад заявай паставілі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў. Яны запатрабавалі ад беларускага ўрада і МЗС неадкладнай рэакцыі на правакацыйныя выказванні прадстаўнікоў расійскіх уладаў.

«Любыя саступкі суверэнітэту Расійскай Федэрацыі прыводзяць да войнаў, гібелі тысяч людзей, эканамічнай дэградацыі краін і рэгіёнаў. Сведчанне гэтаму — Абхазія, Прыднястроўе, Крым і Данбас», — нагадалі палітыкі.

Па іх меркаванні, замест гэтага неабходна рэструктурыраваць эканоміку, пазбавіцца ад неэфектыўных метадаў кіравання, спыніць разбурэнне нацыянальнага бізнесу.

«Зыход ад субсідыравання неэфектыўнай беларускай эканомікі праз танныя нафту і газ — шанец для нашай краіны правесці рэформы і пабудаваць канкурэнтаздольную эканоміку. Мы заклікаем беларускі ўрад выкарыстаць гэты шанец і правесці тэрміновыя эканамічныя і палітычныя рэформы з мэтай умацавання эканомікі краіны і яе незалежнасці», — падкрэслілі лідары правацэнтрысцкай кааліцыі.

Аўтары заявы падкрэслілі, што менавіта палітыка беларускіх уладаў апошнія 20 гадоў паслядоўна падрывала асновы суверэнітэту: дыскрымінавала беларускую культуру і беларускую мову, знішчала прыватны бізнес і прадпрымальніцтва, Беларусь была ўцягнутая ў небяспечныя ваенна-палітычныя саюзы.

«Гэтая палітыка паставіла беларускую эканоміку ў татальную залежнасць ад Расійскай Федэрацыі, запоўніла беларускія сілавыя структуры і ідэалагічны апарат прыхільнікамі „рускага свету“, якія гатовыя ў любы момант здрадзіць Беларусі», — дадалі беларускія палітыкі.

Правацэнтрысцкая кааліцыя запатрабавала ад беларускага ўрада «спыніць злачынны гандаль суверэнітэтам і нацыянальнымі інтарэсамі краіны», «заклікала беларускіх грамадзян ўстаць на абарону незалежнасці і канстытуцыйных правоў», а таксама ад уладаў краіны — «неадкладнага спынення рэпрэсій супраць уласнага народа, неадкладнай рэформы праваахоўнай сістэмы, выбарчага заканадаўства».

«Аснова моцнай дзяржавы — канкурэнтаздольная эканоміка, патрыятызм і прафесіяналізм сілавых структур, адзінства нацыі на аснове каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, незалежнасці і абароны правоў кожнага грамадзяніна. Галоўны і адзіны надзейны гарант незалежнасці — свабодныя грамадзяне, гатовыя добраахвотна абараняць сваю краіну», — дадалі палітыкі.

«Заклікаем усе дэмакратычныя палітычнай сілы Беларусі да аб’яднання для абароны суверэнітэту і незалежнасці нашай Бацькаўшчыны», — заключылі аўтары заявы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Правацэнтрысцкая кааліцыя

Апошнія навіны