Навіны Навіны Беларусі

Дамаскіна: «За шмат год нас адвучылі быць гаспадарамі на сваёй зямлі»

Дамаскіна: «За шмат год нас адвучылі быць гаспадарамі на сваёй зямлі»

3505 Праглядаў Наваполацк
У Наваполацку прайшоў семінар-трэнінг «Мясцовыя супольнасці. Планаванне і ажыццяўленне праектаў для і з удзелам мясцовых супольнасцяў», арганізаваны мясцовым аддзяленнем Руху «За Свабоду».

У якасці экспертаў і трэнераў выступілі прадстаўнікі праўлення Фонда ім. Льва Сапегі Алесь Жучкоў і барысаўскага жаночага сацыяльна грамадскага аб’яднання «Правінцыя» Алена Аўтушка. У якасці слухачоў прыйшлі сябры Руху, прыхільнікі грамадскіх ініцыятыў Наваполацка і незалежнага прафсаюза.

«Задача трэнінгу была паказаць, што мясцовыя супольнасці сапраўды могуць уплываць на мясцовыя ўлады і могуць дапамагаць вырашаць праблемы не толькі свайго двара, але і горада», — распавяла арганізатар мерапрыемства сябра Рады Руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна.

Падчас трэнінгу была праведзена міні-лекцыя «Што такое мясцовыя супольнасці», лектары закранулі тэму гендэрных асаблівасцяў і гендэрнага бюджэтавання, як гендар уплывае на мясцовую палітыку і як гэта ўлічваецца пры вырашэнні мясцовых праблем.

Эксперты падзяліліся сваім досведам і прыкладамі мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны з дапамогай мясцовай супольнасці ў Барысаўскім і Бярозаўскім раёнах — фестываль «Сербіянка», добраўпарадкаванні тэрыторыі — стадыён і інш.

Найвялікшую спрэчку выклікалі пытанні пошуку ідэяў, як знайсці аднадумцаў, якія будуць дапамагаць у працы. Разгарнулася дыскусія як размаўляць з прадстаўнікамі ўлады, каб яны можа і не падтрымлівалі ініцыятыву, але хаця б не перашкаджалі. Удзельнікі прыйшлі да высновы, што жыхары адгукаюцца на ініцыатывы актывістаў, таму што перасталі давяраць уладзе і чыноўнікам.

«Для тых, хто першы раз прысутнічаў на такім мерапрыемстве (іх была большасць), было нечакана, што гэта не сухая лекцыя, да якой прывыклі яны ў навучальных установах, на працах, а нешта дынамічнае, інтэрактыўнае, дзе яны атрымалі магчымасць выказацца, іх пачулі», — кажа Дамаскіна.

Па яе словах, для яе такія сустрэчы — гэта перш за ўсё магчымасць падзяліцца сваімі ведамі, даведацца пра досвед іншых людзей. «Грамадзяне баяцца быць актыўнымі, баяцца праз гэта згубіць працу, вучобу. За шмат гадоў нас адвучылі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, і гэта вельмі адчуваецца на усходзе Беларусі. Але ж у тым, што жыхары хочуць зрабіць для сабе горад больш утульным, няма нічога страшнага. Было б толькі жаданне!» — упэўненая сябра Рады Руху «За Свабоду».

І канечне, дадала Дамаскіна, важная камунікацыя з людзьмі. «Такія мерапрыемства даюць магчымасць знайсці новых неабыякавых людзей у рэгіёне, стварыць каманду і зрабіць нешта карыснае для горада», — адзначыла яна.

Такія сустрэчы запланавана праводзіць надалей раз на месяц.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны