Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч: Правацэнтрысты вызначацца з адзіным кандыдатам у 2019 годзе

Губарэвіч: Правацэнтрысты вызначацца з адзіным кандыдатам у 2019 годзе

4419 Праглядаў Мінск
Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі — старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў — правялі сёння прэс-канферэнцыю, на якой распавялі пра планы і бягучую дзейнасць.

«Наш супольны курс на сумесную працу застаецца нязменным. Адно з асноўных пытанняў, якое стаіць перад намі — падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Мы пачынаем рыхтавацца па некалькіх накірунках, і гэта не толькі абранне адзінага кандыдата», — адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён пацвердзіў, што правацэнтрысты не будуць распыляцца, і кандыдат будзе адзіным. «Тое, над чым мы працуем зараз — гэта праграма для адзінага кандыдата. Гэта не менш важна», — падкрэсліў палітык. Агульная колькасць тэмаў для праграмы — больш за дзясятак: мясцовае самакіраванне, пенсійная рэформа, ахова здароўя, адукацыя, выбарчае заканадаўства і г.д.

Кіраўнік Руху заклікаў далучацца да распрацоўцы гэтай праграмы ўсіх ахвотных, каб праграма адзінага кандыдата ад правацэнтрыстаў была сапраўды народнай.

Палітык лічыць, што прэзідэнцкія выбары — гэта ў нейкай ступені інструмент, што гэта магчымасць паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва, што можна жыць па-іншаму, чым зараз. «Нам важна аб’яднанне. Патэнцыял у правацэнтрысцкай кааліцыі ёсць», — адзначыў палітык, дадаўшы, што яны чакаюць далучэння іншых прадстаўнікоў дэмсілаў.

Праграма для кандыдата будзе гатовая ўжо ў наступным годзе. «На сёння мы вядзем перамовы, як будзе выглядаць працэдура абрання адзінага. Пачатак наступнага году мы можам казаць пра запуск працэдуры і наступны выхад на адзінага кандыдата ад правацэнтрыстаў», — дадаў палітык.

Юрый Губарэвіч выказаў упэўненасць, што правацэнтрысцкая кааліцыя збярэ 100 тысячаў подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдата на прэзідэнцкіх выбараў.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Правацэнтрысцкая кааліцыя

Апошнія навіны