Навіны Навіны Беларусі

Народны помнік паўстанцам 1863 года ганарова адкрыты на Лідчыне

Народны помнік паўстанцам 1863 года ганарова адкрыты на Лідчыне

2829 Праглядаў Ліда Бярозаўка
Грамадскія актывісты, у тым ліку Руху «За Свабоду», сёння на Лідчыне правялі ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года, быў афіцыйна адкрыты мемарыяльны знак, завяршальная праца над якім вялася паўгады.

«Сёння адбылося сапраўднае адкрыццё нашага народнага мемарыяла і ўпершыню за 3 гады цырымонія ўшанавання паўстанцаў 1863 года», - распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» адзін з арганізатараў мерапрыемства Сяргей Пантус.

Удзельнікі цырымоніі зачыталі больш за 400 імёнаў паўстанцаў 1863 года з Лідскага павету, кіраўнік мясцовай суполкі Станіслаў Суднік распавёў пра наступствы паўстання для сем'яў і мястэчак. Святары праваслаўнай аўтакефальнай царквы асвяцілі помнік. Завершылася мерапрыемства канцэртам бардаў.

Па словах Пантуса, такія мерапрыемствы важна праводзіць, «каб мы памяталі». «Каб мы памяталі сваю гісторыю, памяталі не толькі трагічныя – што таксама важна – падзеі, але і гераічныя. Гэта натхняе будаваць дзяржаву ў будучым, будаваць нацыю, гэта дае надзею, што Беларусь жыве і будзе жыць», - заключыў сябра Руху «За Свабоду».

«На гэтым месцы знаходзіцца сапраўдная магіла, тут пахаваныя каля 30 паўстанцаў 1863 года. Краязнаўцы кажуць, што гэта быў атрад з Навагрудскага павету, які прабіваўся на Віленшчыну і даў апошні бой расійскім карнікам», - распавёў сайту Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.

Па ягоных словах, тады з'явіўся першы помнік на гэтым месцы, потым у 1995 годзе былі ўсталяваныя два дубовыя крыжы, быў стары польскі камень. Год таму за справу ўзяліся мясцовыя грамадскія актывісты, якія працавалі над новай канцэпцыяй памятнага знака усё лета і працягнулі ў гэтым годзе. Аўтар мастацкага аздаблення мясцовы мастак Максім Рунец.

«Гэты мемарыял я лічу прыкладам таго, што трэба, каб аб'яднаць нацыю», - падкрэсліў Вітольд Ашурак.

«Мы будзем дамагацца афіцыйнага прызнання помніка з боку ўладаў, унясення яго ў спіс гістарычных мясцінаў рэгіёну, імкнуцца, каб зрабіць гэтае месца папулярным сярод моладзі, дзетак, каб настаўнікі з цягам часу прывозілі іх сюды і распавядалі пра нашу гісторыю», - распавёў сябра Руху «За Свабоду» Валер Мінец.

Па ягоных словах, трэба дамагацца, каб памяць пра паўстанне жыла вечна.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны