Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» распачаў абмеркаванне рэформаў дзяржкіравання

Рух «За Свабоду» распачаў абмеркаванне рэформаў дзяржкіравання

2564 праглядаў Мінск
З круглага стала у Руху «За Свабоду» пачалі абмеркаванне праграмнага дакумента па рэформах сістэмы дзяржаўнага кіравання і канстытуцыйных зменаў.

«Гэтай сустрэчай мы распачынаем выпрацоўку праграмы Руху „За Свабоду“. Акрамя тэмы рэформаў дзяржкіраўніцтва, будуць абмеркаваныя ў прыватнасці бачанне арганізацыі да тэм мясцовага самакіравання, нацыянальнай бяспекі, медыцыны. Па шэрагу тэмаў выпрацаваць адзіны падыход будзе складана, але наша задача стварыць магчымасці для ўнутранай дыскусіі ў межах арганізацыі», — заявіў на круглым стале старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён нагадаў пра тое, што ў Руху ўжо ёсць вопыт распрацоўкі рэформаў у межах «Народнай праграмы», акрамя таго, шэраг сябраў арганізацыі ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях.

Дакумент, які будзе пакладзены ў аснову праграмы быў падрыхтаваны доктарам юрыдычных навук, экс-суддзёй Канстытуцыйнага суда Міхаілам Пастуховым. У прыватнасці эксперт выступае за парламенцкую рэспубліку і вяртанне да Канстытуцыі ўзору 1994 году.

Cваю праграму рэформаў Міхаіл Пастухоў назваў «10 крокаў да новай Беларусі», якія ўключаюць у сябе стварэнне канстытуцыйнай камісіі, фармаванне ўраду народнага даверу, правядзенне дэмакратычных выбараў.

Асаблівую дыскусію выклікала пытанне пра парламенцкую сістэму кіравання, шмат якія з удзельнікаў адстойвалі меркаванне пра неабходнасць захавання пасады прэзідэнта.

«Тэма выклікала жывы водгук і інтарэс у сябраў Руху „За Свабоду“. Відавочна, што рэформа сістэмы дзяржкіравання — гэта актуальная праблема. Сёння мы з падачы Пастухова абмеркавалі розныя магчымыя сцэнары развіцця падзеяў, бліжэйшым часам дакумент будзе дапрацаваны ў межах арганізацыі і пасля зацвярджэння Радай прадстаўлены публічна», — пракаментаваў адказны за арганізацыю круглага стала, сябра Рады Руху Віктар Янчурэвіч.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны