Навіны Навіны Беларусі

Следчы камітэт адмовіўся прызнаваць пераслед Амяльковіча міліцыянтамі на Дзень Волі

Следчы камітэт адмовіўся прызнаваць пераслед Амяльковіча міліцыянтамі на Дзень Волі

2630 Праглядаў Слуцк
Сустрэчы міліцыянтаў з Мінскім абласным каардынатарам Руху «За Свабоду» Віталём Амяльковічам, пасля якіх ён быў затрыманы, былі выпадковасцю, лічаць у Следчым камітэце.

23 сакавіка падчас расклейкі плакатаў з заклікам святкаваць 100-годдзе БНР (ад арганізатараў святкавання ля Опернага тэатра ў Мінску) у Слуцку быў затрыманы Амяльковіч і яшчэ двое мясцовых актывістаў. Пасля трохгадзіннага затрымання іх адпусцілі, але ўручылі позву на раніцу 25 сакавіка. 25 сакавіка ад раніцы за Амяльковічам вялося назіранне супрацоўнікамі міліцыі, яго некалькі разоў затрымлівалі. Мінскі абласны каардынатар Руху паскардзіўся на пераслед у Следчы камітэт.

«Слуцкім раённым аддзелам Следчага камітэта па выніках праверкі па вашай скарзе ад 9 красавіка на дзеянні супрацоўнікаў Слуцкага РАУС адмоўлена праз адсутнасць складу злачынства», — сказана ў адказе Амяльковічу старэйшага следчага А. Германовіча.

Гэтае рашэнне можа быць абскарджанае кіраўніку СК, пракурору ці ў судзе.

У матэрыялах праверкі, прыкладзеных да адказу падрабязна разбіраюцца падзеі 23-25 красавіка. У прыватнасці, па паказаннях аднаго з міліцыянтаў Дз. Шклярэўскага, які сачыў на працягу дня за абласным каардынатарам Руху «За Свабоду», 25 сакавіка «ён неаднаразова бачыў В. Амяльковіча і добра яго ведае», але сустрэчы «былі выпадковымі, назірання за Амяльковічам ці пераследу гэтай асобы не было».

«Я лічу дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія мяне пераследвалі і затрымлівалі 25 сакавіка, палітычна матываванымі і абсалютна незаконнымі. А заяву Шклярэўскага пра выпадковыя сустрэчы — фактычным пацверджаннем гэтага пераследу», — пракаментаваў адказ сайту pyx.by Віталь Амяльковіч.

Абласны каардынатар Руху плануе пракансультавацца з юрыстамі і правабаронцамі пра свае далейшыя дзеянні, каб прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны