Навіны Навіны Беларусі

Міліцыя спыніла справу супраць Амяльковіча

Міліцыя спыніла справу супраць Амяльковіча

2501 прагляд Слуцк
У праваахоўных органах не знайшлі ў дзеяннях Мінскага абласнога каардынатара Руху «За Свабоду» Віталя Амяльковіча і двух мясцовых актывістаў, якія расклейвалі ў Слуцку плакаты з запрашэннем на дазволенае Свята незалежнасці ў Мінску, складу злачынства.

Позна ўвечары 23 сакавіка падчас расклейкі плакатаў з заклікам святкаваць 100-годдзе БНР (ад арганізатараў святкавання ля Опернага тэатра ў Мінску) у Слуцку быў затрыманы Амяльковіч і яшчэ двое мясцовых актывістаў. Пасля трохгадзіннага затрымання іх адпусцілі, але ўручылі позву на раніцу 25 сакавіка.

«Аддзелам унутраных справаў Слуцкага райвыканкама ў адносінах вас закончаная праверка па справе пра адміністрацыйным парушэнні», — паведаміў Віталю Амяльковічу кіраўнік аддзела ўнутраных справаў В. Гарэга. 2 красавіка, па словах міліцыянта, вынесеная пастанова пра спыненне справы на падставе п. 2, ч. 1 арт. 9.6 ПІКоАП ( «Адсутнасць у дзеянні складу адміністрацыйнага правапарушэння»).

«Гэта даволі прадказальнае рашэнне. Не было ніводнай падставы распачынаць адміністрацыйны працэс, але міліцыя свядома і адмыслова зацягвала і прыдумвала падставы, каб перашкодзіць случакам удзельнічаць у свяце да 100-годдзя абвяшчэння БНР у Мінску», — пракаментаваў Pyx.by Віталь Амяльковіч.

Абласны каардынатар Руху падкрэсліў, што міліцыя паказала свой непрафесіяналізм і ангажаванасць: яны выкарысталі даступныя механізмы «не для сапраўднай барацьбы з правапарушэннямі, а супраць палітычных апанентаў улады», міліцыя стала ў гэтай сітуацыі карным органам супраць апазіцыі.

Сёння Амяльковіч чакае адказ на свае скаргі на паводзіны міліцыянтаў 25 сакавіка, якія не толькі сачылі за ім на працягу дня (актывіст лічыць гэта пераследам), але і беспадстаўна затрымлівалі два разы на працяглы тэрмін. Пракуратура перанакіравала скаргу ў абласную міліцыю.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны