Навіны Навіны Руху

Сустрэча актыву рэгіянальных суполак Руху «За Свабоду» прайшла ў Гомелі

Сустрэча актыву рэгіянальных суполак Руху «За Свабоду» прайшла ў Гомелі

2615 Праглядаў Гомель
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч і гомельскі абласны каардынатар Руху Аляксей Атрошчанка правялі сёння сустрэчу з актывістамі Руху «За Свабоду» з Рэчыцы, Жлобіна, Калінкавічаў, Мазыра, Добруша і Гомеля.

Сустрэча пачалася з выступу Юрыя Губарэвіча, які распавёў пра сітуацыю ў краіне, у прыватнасці святкаванне 100-годдзя БНР і ролю ў ім Руху.

«Дзясяткі тысячаў людзей удзельнічалі ў святкаванні ля Опернага тэатра. Мы прадэманстравалі і ўладам, і беларускаму грамадству, што людзей, якія хочуць вярнуцца да нацыянальных каштоўнасцяў, да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні, да іншай Беларусі — вельмі шмат», — лічыць старшыня Руху «За Свабоду».

Ён падкрэсліў, што Дзень Волі адсвяткавалі прыстойна і па-еўрапейску. «Затрыманні людзей, якія прыйшлі на несанкцыяванае шэсце можна ацэніць толькі выключна негатыўна: кожны чалавек мае права на свабоду мітынгаў і шэсцяў, гэта дакладнае парушэнне міжнароднага права», — падкрэсліў Губарэвіч, нагадаўшы і пра затрыманні ў рэгіёнах.

Па словах палітыка, тое, што адбылося, можна патлумачыць «толькі клопатам аб тым, каб не было хаосу ў галовах сілавікоў: уладам трэба было прадэманстраваць, што ўсё пад кантролем, апазіцыі не ўсё дазволена».

«25 сакавіка прынесла значна больш станоўчых вынікаў, чым адмоўных. Да, былі затрыманні. Але дзясяткі і сотні тысячаў чалавек пабачылі добра арганізаванае свята і вялікую колькасць людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі», — дадаў палітык.

Губарэвіч таксама распавёў актывістам пра бліжэйшыя планы арганізацыі, сярод якіх праца з моладдзю (правядзенне летнікаў і летніх школаў), больш глыбокая прапрацоўка палітычнай праграмы Руху па шэрагу накірункаў ад сацыяльных і эканамічных рэформаў да мясцовага самакіравання. Ад лідара арганізацыі таксама прагучалі прапановы для актывістаў рэгіёну: рэгулярныя абласныя сустрэчы і палітычныя школы з магчымасцю абрання тэмаў.

Потым перад удзельнікамі сходу выступіў гомельскі абласны каардынатар Руху Аляксей Атрошчанка. Ён каротка распавёў пра працу суполкі з моманту свайго абрання, прыгадаў пра праведзеныя мерапрыемствы і дадаў пра планы. Прынамсі, па ягоных словах, летам запланаванае правядзенне новага летніка з элементамі экстрэмальнага адпачынку — роўдджампінгу.

Удзельнікі сходу распыталі пра сітуацыю з офісам арганізацыі ў Мінску і далейшыя планы Руху.

Сустрэчай у Гомелі распачатая серыя рэгіянальных сустрэчаў з актывам Руху "За Свабоду". Іх серыя адбудзецца цягам красавіка-траўня.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны