Навіны Навіны Руху

Рух «За Свабоду» падвёў вынікі мясцовых выбараў

Рух «За Свабоду» падвёў вынікі мясцовых выбараў

1644 праглядаў Мінск
Выбарчая кампанія 2018 года прайшла ў Беларусі ў стандартных умовах фальсіфікацыяў, але нават у такіх умовах кандыдаты ад Руху «За Свабоду» паказалі добрыя вынікі, заявіў на паседжанні Рады Руху «За Свабоду» старшыня арганізацыі Юрый Губарэвіч.

«Пад час выбарчых кампаніяў нашы кандыдаты прымянялі розныя тактыкі: нехта адразу палітызаваў, выстаўляў на першы план праблемы раёна, супрацьстаяння па гэтых пытаннях з уладамі, нехта праводзіў лайт-кампанію, дзе большы акцэнт быў на асобу кандыдата», — адзначыў Губарэвіч.

Па ягоных словах, хаця некаторыя паведамляюць, што мясцовыя выбары адзначыліся «асабліва жорсткімі ўмовамі, брутальнымі падыходамі», але насамрэч нічога новага не адбылося.

«Аўтобуснае галасаванне мы зафіксавалі ўпершыню, калі праводзілі на акрузе Арцём Лявы кампанію „Байкот-101“ у 2012 годзе. Нават калі казаць пра завышэнне яўкі, то яно параўнальнае з парламенцкай кампаніяй (на маёй акрузе было 15 тысяч у 2016 годзе і 3400 зараз)», — дадаў лідар Руху.

Адметнасць была ў тым, дадаў ён, што «час не стаіць на месцы: назіральнікі зафіксавалі парушэнні, а з дапамогай новых тэхнічных сродкаў, стрымінга, інфармацыя хутка станавілася публічнай».

«Адносна таго, чаму было рашэнне не прапускаць нікога. Зараз назіраецца пэўная замарозка адносінаў паміж Захадам і Беларуссю, дынаміка спынілася пасля падзеяў вясны 2017 года. Лукашенка зразумеў, што ў рэжыме паўзы плаціць за нешта месцамі ў мясцовых саветах няма сэнсу», — адзначыў Губарэвіч.

Пры гэтым ён ацаніў як добрую працу кандыдатаў ад Руху «За Свабоду», іх давераных асобаў, а таксама назіральнікаў ў межах кампаніі «Права выбару».

«Каб вы разумелі маштабы, у Беларусі было ля 5000 участкаў на мясцовых выбарах. Мы назіралі на 311. Але забілі інфармацыйную прастору, бо сёння 21 стагоддзе — мабільны інтэрнэт стрымы, фотаздымкі», — распавёў сябра Рады Руху «За Свабоду», нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў.

Ён звярнуў увагу на дзве асаблівасці: фальсіфікацыямі займаліся настаўнікі і студэнты амаль усе прагасавалі датэрмінова — з гэтага можна зрабіць выснову, «хто нас вучыць, і якая ў нас будучыня». «Мы падлічылі, у фальсіфікацыях у Беларусі былі задзейнічаны 200 тысяч чалавек, а ў нас было больш за 600 назіральнікаў», — дадаў Сілкоў.

Нацыянальны каардынатар «Права выбару» назваў гэтыя выбары самымі нецікавымі з усіх: яўка на некаторых акругах, па падліках назіральнікаў, склала не больш за 10%.

«Удзячны ўсім назіральнікам, якія выйшлі на гэтыя выбары на ўчасткі. Гэта сапраўды была рэпетыцыя. Яны адпрацавалі з пачуцця страха, мы — праўды», — заключыў Алесь Сілкоў.

У сваю чаргу сябра Рады Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч прапанаваў пачаць працаваць на наступную кампанію. «Да парламенцкай кампаніі трэба пачынаць рыхтавацца ўжо зараз», — падкрэсліў ён.

Рада Руху «За Свабоду» на паседжанні таксама зацвердзіла гадавы план працы арганізацыі і прыняла новых сяброў у лік арганізацыі.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Мясцовыя выбары 2018

Апошнія навіны