Навіны Навіны Беларусі

Ліхавід псоту на спецназ не наводзіў

Ліхавід псоту на спецназ не наводзіў

3271 прагляд
Суд над Мікітам Ліхавідам працягнецца 23 сакавіка. Напярэдадні падчас паседжання дапыталі 11 працаўнікоў міліцыі. Разам як пацярпелыя ў справе актывіста Руху «За Свабоду» 20-гадовага Мікіты Ліхавіда праходзяць 29 міліцыянтаў.

«У судовай залі з 49 месцаў, пацярпелыя — дужыя хлопцы — занялі больш за палову. Даволі красамоўная карціна беларускага правасуддзя», — абураецца прысутная на працэсе праваабаронца Людміла Гразнова.

Міліцыянты блыталіся ў паказаннях, губляліся пасля пытанняў адвакаткі Дар’і Ліпкінай, супярэчылі адно аднаму гэтак, што нават суддзя Наталля Пыкіна вымушаная была зрабіць ім заўвагу. «Сведка Віктар Караваеў увогуле распавёў, што людзі з натоўпу білі яго галінкамі, і што гэта ён трактуе як рэлігійны акт здымання псоты. Суддзя ад такіх паказанняў збянтэжылася і здзіўлена запыталася, колькі Караваеву гадоў і ці доўга ён служыць у міліцыі», — распавядае ў інтэрв’ю «Белсату» Людміла Гразнова.

Пацярпелыя спецназаўцы паведамілі на судзе, што Мікіту Ліхавіда на плошчы не бачылі і прэтэнзіяў да юнака не маюць.

Актывіста Руху «За Свабоду» Мікіту Ліхавіда затрымалі 19 снежня на плошчы Незалежнасці ды асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту. 23 снежня пастанова аб арышце была адмененая, актывіста абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Падчас учарашняга судовага паседжання юнак заявіў, што беспарадкаў на плошчы ён не бачыў, спецназаўцаў не збіваў — наадварот, міліцыянты збівалі людзей. Пацярпеў падчас разгону акцыі ды затрыманняў і сам Мікіта.

Адвакатка Мікіты Ліхавіда прасіла перакваліфікаваць справу яе падабароннага. Абвінавачанню не ўдалося даказаць, што ў Менску адбыліся масавыя беспарадкі, падкрэсліла Дар’я Ліпкіна. Падчас працэсу яна таксама хадайнічала аб змяненні захады стрымання для актывіста, аднак усе хадайніцтвы суд адхіліў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны