Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч: спыненне справы патрыётаў — лагічны фінал

Губарэвіч: спыненне справы патрыётаў — лагічны фінал

1676 Праглядаў Мінск
Справа «Белага легіёну» — авантура, скіраваная супраць патрыётаў Беларусі, і яе спыненне лагічны фінал, лічыць старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Следчы камітэт сёння выступіў з заявай пра спыненне «справы патрыётаў». Зараз дакументы накіраваныя ў пракуратуру, якая павінная ацаніць законнасць такога рашэння.

«Справа была шытыя белымі ніткамі, яе фігуранты патрапілі пад раздачу, калі ўладам трэба было стварыць атмасферу страху на фоне падзеяў вясны 2017 году», — адзначыў Юрый Губарэвіч.

Па ягоных словах, калі такая неабходнасць знікла, яны проста ціха закрылі справу.

«У гэтай сітуацыі першае, што павінны зрабіць улады прынесці прабачэнні. А тыя, хто адсядзеў ў турме нават непрацяглы тэрмін, маюць права на фінансавую кампенсацыю, але ўменне прызнаваць свае памылкі не з’яўляецца моцным бокам нашых уладаў», — дадаў Губарэвіч.

Палітык падкрэсліў, што чым бы не сканчаліся падобныя «інцыдэнты», на іх павінна быць жорсткая рэакцыя як з боку беларускай грамадскасці, так і міжнароднай супольнасці.

Адзін з фігурантаў справы, сябра Руху Сяргей Стрыбульскі адзначыў, што афіцыйнага пацвержання спынення справы яны пакуль не атрымалі. «Пра ўсё даведаліся з навінаў. Дакументы па справе перададзеныя ў пракуратуру, якая будзе даваць заключэнне дзеянням Следчага камітэта. І не забываемся, што можна распачаць справы па асобных людзях па надуманых матывах», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны