Навіны Навіны Руху

Суд над актывістам Руху «За Свабоду»: спектакль спецыяльнага прызначэння (абнаўляецца)

Суд над актывістам Руху «За Свабоду»: спектакль спецыяльнага прызначэння (абнаўляецца)

5372 праглядаў
Судовы працэс супраць Мікіты Ліхавіда пачаўся 22 сакавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска.

20-гадовага хлопца абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія па версіі абвінавачвання мелі месца 19 снежня, у дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, каля Дому ўраду.

Мікіта Ліхавід быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пазней яму было высунутае абвінавачванне па крымінальным артыкуле. Яго трымалі ў Жодзінскай турме, а затым у СІЗА ГУУС Мінгарвыканкама на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Актывіста Руху «За Свабоду» могуць асудзіць на тэрмін ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Дзень трэці

Судовы працэс над Мікітам Ліхавідам перанесены на 29 сакавіка. У адвакаткі Дар’і Ліпкінай захварэла дзіця. Актывісту Руху «За Свабоду» прапаноўвалі дзяжурнага адваката, але ён адмовіўся ад яго паслугаў.

Дзень другі

Абвешчаны перапынак у працэсе да 10:00 24 сакавіка.

***

Пералічваюць спіс фотаздымкаў, у тым ліку фотаздымак, дзе Ліхавід б’е ў дзверы Дома ўраду. У кватэры Ліхавіда падчас ператрусу знайшлі дакументы пра мясцовае самакіраванне. Ён удзельнічаў у ініцыятыўнай групе, якая змагаецца супраць незаконнай пабудовы ў мінскім мікрараёне «Ўручча» дому замест стадыёну.

***

Пачалося вывучэнне матэрыялаў справы. Пералічваюць рэчы, знойдзеныя на плошчы. У тым ліку і сякеру, ледасек, бутэлькі і балончыкі. На іх ёсць адбіткі пальцаў, але экспертыза не змагла іх ідэнтыфікаваць.

***

Допыт сведкі з боку абвінавачання Аляксандра Багданава. Ён складаў пратакол на Ліхавіда аб затрыманні, але не згадаў ягоныя дзеянні на плошчы. На большасць пытанняў сьведка Аляксандар Багданаў адказвае: «Не памятаю». Багданаў сказаў, што падпісваў рапарт на Ліхавіда толькі на падставе таго, што Ліхавіда прывезлі на Акрэсціна. «Вы разумееце, што вы фальшыва сведчылі?» — запыталася адвакатка. Багданаў сказаў, што так не лічыць. Ліхавід заявіў, што Багданаў яго не афармляў.

***

Пацярпелы Юры Сарока здымаў на відэакамеру, быў у цывільным. Падчас здымкаў яго ўдарылі ў нос. Юры Сарока паваліўся. Ён кажа, што прыбеглі амапаўцы, і гэта яму дапамагло. Ён працягваў здымаць. Лячыўся потым у шпіталі 4 дні, перадае радыё «Свабода».

***

Час ад часу ў расповедах спецназаўцаў з’яўляюцца нестыкоўкі з тым, што яны казалі падчас следства.

***

Ліхавід спытаўся ў Лісоўскага, якім быў яго маральны стан на Плошчы. Той сказаў, што ўпершыню бачыў столькі людзей, адчуваў напружанасць. Прызнаў, што магчыма гэта стала прычынай галаўнога болю, з якім ён звярнуўся да лекара пасля разгону дэманстрацыі.

Лісоўскі не бачыў у дэманстрантаў зброі — толькі палкі і пляшкі з вадой. Пра пагромы ён таксама нічога паведаміць не можа. Ліхавіда ён не ведае і на плошчы не бачыў.

***

Гушчык расказаў, як спецназ упершыню выйшаў на плошчу Незалежнасці. Паводле яго словаў, спецназаўцы спрабавалі абараніць дзверы Дома урада і вельмі хутка забягалі на ганак. Аднак ён быў надзвычай слізкім і шмат хто з міліцыянтаў праслізгнуўся на ім і на ўласным шчыце з’язджаў у натоўп дэманстрантаў. Сяргей Гушчык таксама распавёў, што атрымаў удар ледарубам (адмысловай прыладай, прызначанай для збіцця лёду з ходнікаў). Пасля ўдару ён упаў, падае «Наша ніва». Парай бачыў у дэманстрантаў толькі драўляныя палкі і вудачкі. Заклікаў разысціся не чуў.

***

Тарасевіч распавёў, што напачатку яны ахоўвалі рэзідэнцыю прэзідэнта, а потым перамясціліся да Дому ўраду.

***

Палавінкін распавёў, што быў у цывільным. Ён сачыў за дэманстрантамі. Калі скарыстаўся рацыяй — яго ўдарылі ў твар. Сутычак народу з міліцыяй не бачыў, біцця шкла — таксама. Жызнеўскі атрымаў траўму рэбраў. Ніхто са спецназаўцаў Ліхавіда да суду не бачыў.

***

Міліцыянт Масальскі кажа, што нехта з натоўпу біў па ягоным шчыце. Перапейку, па яго словах, нехта з дэманстрантаў падставіў падножку, а іншы штурхнуў у спіну. Ён упаў — яго білі, пагражалі фізічнай расправай. Але медэкспертызы пасля не праходзіў, высветліла адвакатка Ліхавіда.

***

Пачаўся другі дзень суду над Мікітам Ліхавідам. Апытваюцца міліцыянты.

Адзін з іх па прозвішчы Лявіцкі давёў, што ён не пацярпелы: маўляў, атрымаў не наўмысны ўдар — то быў выпадковы штуршок.

Дзень першы

У судовым працэсе абвешчаны перапынак да 10-й раніцы 23 сакавіка: засталося паслухаць пра болькі двух дзясяткаў спецназаўцаў.

***

Па чарзе апытваюць спецназаўцаў, якія распавядаюць пра свае траўмы, але Ліхавіда не бачылі, не помняць і прэтэнзій да яго не маюць.

***

Намеснік камандзіра палка міліцыі спецпрызначэння Кашталянаў на пытанне адваката, ці звяртаўся ён да дэманстрантаў з патрабаваннем адысці ад Дома ўраду, адказаў: «А навошта звяртацца? Усе людзі, што знаходзіліся на ганку Дома ўраду, здзяйснялі супрацьпраўную дзейнасць. Мы іх адтуль прыбралі з прымяненнем фізічнай сілы».

Адвакат запытала ў Кашталянава, ці бачыў ён на Плошчы ўзброеных людзей, ці ведае ён Ліхавіда. Кашталянаў на абодва пытанні адказаў, што не.

Адвакат патлумачыла суддзі, што спрабуе высветліць ці мелі месца на Плошчы масавыя беспарадкі, ва ўдзеле ў якіх вінавацяць яго падабароннага.

На пытанне пракурора, якія пашкоджанні атрымаў Кашталянаў, ён адказаў, што ў пэўны момант адчуў боль у назе. Адкуль яна ўзялася, ён дакладна сказаць не можа.

***

Мікіта Ліхавід пацьвердзіў, што быў актывістам руху «За Свабоду», але на плошчу прыйшоў сам.

***

Пацярпелы Караваеў кажа, што маніфестанты крычалі «Далоў прэзідэнта», але нікуды не прарываліся. Махалі сцягамі, але не супраціўляліся міліцыі. Па камандзе яны пачалі суправаджаць удзельнікаў акцыі ў аўтазакі.

Адвакат паспрабавала высветліць, якімі інструкцыямі кіраваўся сведка Караваеў. Судзьдзя спачатку адмовіла ў гэтым, але пасля дадатковых тлумачэнняў дазволіла. Аднак спецназавец адмаўляецца адказваць, ад каго атрымліваў загады. Толькі пасля заўвагі суддзі ён успомніў — кіраўнік палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Лукомскі Аляксандар Валянцінавіч. Спецназаўцаў упартасць свайго калегі развесяліла, і яны пачалі гучна смяяцца — у зале усчаўся вэрхал. Суддзя зрабіла заўвагу усім 29 пацярпелым.

***

Пачаўся допыт пацярпелых. Дапытваецца пацярпелы Пётр Караваеў. Ён заявіў, што калі быў у ачапленні на плошчы, то атрымаў ад дэманстрантаў па галаве.

***

Ліхавід распавёў, як ён дапамог аднаму параненаму. Потым вярнуўся ў цэнтр падзеяў. Выйсці было немагчыма, бо міліцыянты атачылі. Адну дзяўчыну, паводле Ліхавіда, міліцыянты ледзь не забілі. Ён ёй дапамагаў, у гэты час яго білі па нагах. Потым яго заштурхалі ў аўтамабіль, там міліцыянты паводзілі сябе карэктна. Ліхавід не чуў заклікаў ад міліцыі разысьціся. Ліхавід не згодны, што натоўп бясчынстваваў. Бо, калі ішлі па праспекце, нічога не пабілі, не брыдкасловілі. Крычалі «Жыве Беларусь» і «Сыходзь».

***

Мікіта Ліхавід падчас допыту паведаміў, што пра мітынг даведаўся са СМІ. Прыйшоў на мітынг з-за дзяўчыны. Яе прозвішча ён не называе, каб у яе не было непрыемнасцяў. Пакуль дапытваюць Ліхавіда, некаторыя «пацярпелыя» міліцыянты пачалі спаць.

Ліхавід распавёў, як прыйшоў на Плошчу Незалежнасці, падышоў да ўваходу ў Дом ураду. Шкло там ужо адсутнічала. Ён паддаўся настрою і пачаў біць нагамі і рукамі ў драўляныя шчыты.

Ліхавід тлумачыць, што калі ўбачыў міліцыянтаў за шчытамі, ён сышоў з ганку. Але раптам яго ўдарылі ў спіну. Гэта выскачылі спецназаўцы, якія перакрылі ўваход.

***

Адвакат Дар’я Ліпкіна заявіла хадайніцтва аб змене меры стрымання для Мікіты Ліхавіда — вызваліць яго з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Бо ў яго хвароба вачэй, ён малады чалавек, і няма падставаў меркаваць, што ён уцячэ. Пракурор выказаў нязгоду з гэтымі аргументамі.

Адвакат Дар’я Ліпкіна таксама ппапрасіла спыніць вытворчасць па справе, бо факт масавых беспарадкаў лічыць недаказаным. Адвакат звярнула ўвагу, што паводле адміністратыўнага пратаколу Ліхавід быў затрыманы ў 22.30. А падзеі каля Дому ўраду, як вядома, адбыліся пазней.

Хадайніцтвы адваката не задаволеныя. Пачаўся допыт Ліхавіда.

***

Хадайніцтва адваката наконт павелічэння колькасці нібыта пацярпелых міліцыянтаў не задаволенае. Такім чынам, да 15 «пацярпелых» афіцыйна дадаліся яшчэ 14. Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачванне, у якім пералічвае дзеянні Ліхавіда. Сцвярджае, што Ліхавід біў нагамі і рукамі агароджы, ламаў дзверы ў Дом ураду, падае радыё «Свабода». Ліхавід прызнае сваю віну часткова, што біў у драўляныя шчыты. Адвакат хадайнічае аб спыненні справы. Бо не даказаны факт масавых беспарадкаў, што мелі месца 19 снежня.

***

Суддзя пачала апытваць Мікіту Ліхавіда. Так, запытала, ці валодае ён рускай мовай і ці можа адказваць на ёй на пытанні. Ліхавід пагадзіўся весці паседжанне па-руску.

Пасля апытання падазраванага суддзя папрасіла ўстаць пацярпелых. Яны усталі — іх аказалася 29, піша «Наша ніва». Адвакат запярэчыла таму, што ўсе 29 супрацоўнікаў міліцыі могуць лічыцца пацярпелымі. Раней толькі 15 з іх фігуравалі ў справе аб масавых беспарадках. З пярэчаннямі адваката не пагадзіўся пракурор, а вось пытанне суддзі да спецназаўцаў, ці лічаць яны сябе пацярпелымі, выклікала у іх рознагалоссі — частка супрацоўнікаў праваахоўных органаў выказала жаданне не прызнаваць сябе пацярпелымі. Аднак калі суддзя апытала кожнага з міліцыянтаў асабіста, то яны усе зноў пагадзіліся быць пацярпелымі.

***

У судовай зале знаходзяцца назіральнікі ад АБСЕ, праваабаронцы, дыпламаты некалькіх замежных пасольстваў у Мінску. Журналістаў з фота- і відэакамерамі з залы суду выдалілі.

***

Мікіта Ліхавід з адвакаткай

Супрацоўнікі міліцыі, нібыта пацярпелыя ад Мікіты Ліхавіда (усяго 29 чалавек)

Намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і дарадца старшыні Алесь Лагвінец

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны