Навіны Навіны Беларусі

Бярозаўскія актывісты аднавілі помнік паўстанцам 1863 году

Бярозаўскія актывісты аднавілі помнік паўстанцам 1863 году

2113 Праглядаў Бярозаўка
Актывісты з Бярозаўкі, у тым ліку Руху «За Свабоду», аднавілі помнік паўстанцам 1863 года паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы.

«Драўляныя дубовыя крыжы былі пастаўленыя на гэтым месцы яшчэ ў 1995 Станіславам Суднікам і яго паплечнікамі. Гэта насамрэч магіла палеглых паўстанцаў. Але за 22 гады дрэва састарэла і было відавочна, што патрэбна рэканструкцыя», — распавёў сайту Pyx актывіст Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак.
Па ягоных словах, «на сходзе Лідскай раённай суполкі (Рух „За Свабоду“, Партыя БНФ, ТБМ) было вырашана не толькі рэстаўраваць крыжы, але і стварыць сапраўдны мемарыял у гонар герояў, якія не пашкадавалі свайго жыцця ў змаганні за незалежнасць нашага краю».
«Некалькі раз ладзілі талаку. Аднойчы да нас далучыліся валанцёры Дома Польскага ў Лідзе. Салідарнасць людзей сапраўды ўражвала — да каго ні звярталіся, кожны за гонар лічыў дапамагчы! Знайшлі цудоўнага беларускага майстра-рэзчыка па каменю. Максім Рунец жыве ў Бярозаўцы і з задавальненнем выканаў складаную працу з надпісам і гербам паўстання», — дадаў Ашурак.

На сёння асноўная праца над камянём-помнікам скончаная. Засталося дапрацаваць дэталі, адпаліраваць і ўмацаваць мур пад курганом з камянёў, што будзе зроблена ў найбліжэйшы час.

Аднаўляць падобныя помнікі вельмі важна для Беларусі, лічыць Ашурак. «Па-першае — гэта сімвал нашага народу. Гэта не дзесьці там (далёка і няпраўда), а тут, побач, на нашай зямлі, нашыя продкі здзейснілі подзвіг — яны паднялі сцяг свабоды супраць каланізатараў. Гэта важна асабліва сёння, калі старыя, ілжывыя сімвалы саўдэпаўскай імперыі канчаткова сябе дыскрэдытавалі, і ідэалагічны вакуум павінен быць запоўнены сапраўднымі нашымі беларускімі героямі», — заключыў сябра Руху «За Свабоду».

Фота Сяргея Пантуса

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны