Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» абвясціў збор подпісаў дзеля захавання гімназіяў

Рух «За Свабоду» абвясціў збор подпісаў дзеля захавання гімназіяў

2624 праглядаў Мінск
Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў аб адмене экзаменаў у V класе на паступленне ў гімназіі з 2018 года і адмене гімназічных адукацыйных праграм для навучэнцаў 5–9 класаў. У выпадку рэалізацыі ініцыятывы гімназічны узровень адукацыі захаваецца толькі ў 10–11 класах.

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пратэстуем супраць ініцыятывы міністра адукацыі Ігара Карпенкі ліквідаваць магчымасць адукацыі на гімназічным узроўні для навучэнцаў V–IX класаў», — сказана ў электроннай петыцыі Руху «За Свабоду».

Па дадзеных аўтараў петыцыі, «рэалізацыя ініцыятывы Ігара Карпенкі вядзе да зніжэння агульнага ўзроўню школьнай адукацыі, паколькі будзе адсутнічаць магчымасць выбару установы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасцямі, навучэнцы 5–9 класаў не будуць мець магчымасці паглыбляцца ў прадметы, да якіх маюць асаблівыя схільнасці».

«Ліквідацыя гімназій для пачатковай і базавай адукацыі вядзе да таго, што навучэнцы не будуць мець магчымасці раскрыць патэнцыял і надалей будуць неканкурэнтаздольнымі у сучасным грамадстве ведаў», — тлумачыцца ў дакуменце.

«Мы патрабуем захаваць сістэму гімназій і не зніжаць іх узровень да звычайных школ, бо гэта дае магчымасць выбару установы адукацыі для дзяцей з рознымі здольнасцямі, а таксама лічым не справядлівым, калі магчымасці больш якаснай адукацыі будуць даступны выключна для больш багатых сем’яў», — заключылі аўтары.

«Непрадуманая спроба ўвесці ўраўнілаўку ў сістэме сярэдняй адукацыі можа прывесці да супрацьлеглых вынікаў. Лепшыя веды атрымаюць тыя дзеці, бацькі якіх маюць магчымасць заплаціць за дадатковыя курсы і рэпетытараў. Для ўсіх астатніх узровень выкладання будзе сярэднім, а значыць — ніякім», — падкрэсліў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Петыцыя з подпісамі будзе накіраваная ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны