Навіны Навіны Беларусі

Моладзь Руху «За Свабоду» далучылася да звароту ў падтрымку акадэмічных свабодаў у Беларусі

Моладзь Руху «За Свабоду» далучылася да звароту ў падтрымку акадэмічных свабодаў у Беларусі

2041 прагляд Мінск
Прадстаўнікі незалежных грамадскіх арганізацый выказалі занепакоенасць станам правоў і свабод студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў.

Мы – прадстаўнікі(цы) незалежных грамадскіх арганізацый, занепакоеныя станам правоў і свабод студэнтаў(ак) і выкладчыкаў(ц) беларускіх універсітэтаў, пішам Вам з просьбай станоўча паўплываць на рэальную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь па імплементацыі каштоўнасцяў, закладзеных у прынцыпах Балонскага працэсу і замацаваных у Дарожнай мапе, - акадэмічных свабод, аўтаноміі ўніверсітэтаў (у тым ліку, студэнцкім удзеле ў кіраванні ўніверсітэтам) і акадэмічнай мабільнасці.

Нажаль, у шэрагу выпадкаў дадзеныя каштоўнасці толькі дэкларуюцца кіраўніцтвам беларускіх універсітэтаў. Рэальная сітуацыя выглядае значна горш.

Існуюць шматлікія факты парушэнняў акадэмічных свабод, а менавіта:

· Адміністрацыя беларускіх універсітэтаў парушае прынцыпы незалежнасці ўніверсітэтаў і акадэмічніх свабод – студэнтаў і студэнтак выключаюць з ВНУ за актыўную грамадскую дзейнасць. За 2016-2017 год было выключана як мінімум 14 студэнтак і студэнтаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў мірных пратэстах або дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, Алену Кісель, студэнтку апошняга курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, выключылі 23.03.2017 за ўдзел у мірным сходзе. Напярэдадні выключэння адбылося паседжанне Выхаваўчага Савету ў складзе ідэолагаў і БРСМаўцаў, якія прынялі рашэнне хадайнічаць перад рэктарам аб выключэнні студэнткі, што рэктар назаўтра і зрабіў. Студэнта гістарычнага факультэту БДУ Юрася Лукашэвіча выключылі за тое, што на яго быў складзены пратакол за абарону мемарыялу “Курапаты” (нягледзячы на тое, што Юрась не быў пакараны па дадзеным пратаколе, то бок факт правапарушэння не быў прызнаны судом).

· - Адміністрацыя ўніверсітэту праводзіць сярод студэнтаў(ак) і супрацоўніц(каў) ВНУ ідэалагічную працу на карысць адной палітычнай сілы - дзеючай ў Рэспубліцы Беларусь вертыкалі ўлады. Студэнтаў(ак) і супрацоўнікаў(цаў) беларускіх ВНУ прымушаюць уступаць у шэрагі праўладных грамадскіх арганізацый, кшталту БРСМ (Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, з’яўляецца спадкаемцам камуністычнай ВЛКСМ (камсамол) і праўладнай грамадзкай арганізацыі “Белая Русь”, што з’яўляецца парушэннем права на свабоду асацыяцый, якое гарантуецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і нормамі абавязковых да выканання міжнародных дакументаў у галіне правоў чалавека, у тым ліку ч.2 арт.20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (“Ніхто не павінен быць прымушаным уступаць у якую-небудзь асацыяцыю”), а таксама арт. 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і інш. Дзейнасць незалежных грамадскіх арганізацый блакуецца кіраўніцтвам універсітэтаў: яны не могуць распаўсюджваць інфармацыю ўнутры ўніверсітэтаў (як у фізічным плане, так і праз інфармацыйныя рэсурсы, нават тыя, якія кіруюцца студэнцтвам), у той час, калі БРСМ можа распаўсюджваць інфармацыю, якая дэманізуе незалежныя студэнцкія НДА, і пагражаць санкцыямі студэнтам(кам), якія ўдзельнічаюць у дзейнасці гэтых арганізацый.

· - Падчас парламенцкіх выбараў у 2016 годзе, як і падчас іншых выбарчых кампаній, студэнты(кі) беларускіх універсітэтаў масава прымушаліся адміністрацыяй універсітэта да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а за неўдзел ім пагражалі санкцыямі. У дапамогу і са згоды адміністрацыі ВНУ, прымусам студэнтак(аў) да галасавання на выбарах таксама займаліся актывісты(кі) БРСМ.

· Існуе неабходнасць узгадняць любыя паездкі за мяжу падчас навучальнага году: працягласцю менш за 10 дзен - з адміністрацыяй ВНУ, даўжэйшыя - з міністрам адукацыі. Стажыроўкі для студэнтаў(ак) і выкладчыц(каў) магчымыя толькі са згоды кіраўніцтва ВНУ і міністэрства адукацыі, што прыводзіць да неабаснаваных адмоваў у паездках і стажыроўках і значна абмяжоўвае акадэмічную мабільнасць.

Просім дапамагчы наблізіць рэальнае становішча з акадэмічнымі свабодамі ў Рэспубліцы Беларусь да прынцыпаў Балонскага працэсу, замацаваных у Дарожнай карце Балонскага працэсу, і дзеля гэтага:

1. Запатрабаваць ад беларускага боку неадкладна аднавіць ва ўніверсітэтах адлічаных за грамадзкую дзейнасць студэнтаў і студэнтак і не ўжываць падобных рэпрэсіўных захадаў у далейшым. Да аднаўлення студэнтаў і студэнтак фінансаванне праектаў з універсітэтамі, у якіх адбываліся такія адлічэнні, мусіць быць спыненае.

2. Спыніць фінансаванне праўрадавых арганізацый – БРСМ, “Белая Русь” (так называных дзяржаўных НДА) і іх структур у межах супольных праектаў, а таксама зрабіць немагчымымі індывідуальныя стажыроўкі выкладчыкаў(ц) і прадстаўнікоў(ц) адміністрацыі ўніверсітэтаў, якія датычныя да выключэння і пераследу студэнтаў(к) за грамадскую дзейнасць. Мы лічым немагчымым выезд дадзеных выкладчыкаў(ц) і чынавенства на стажыроўкі і канферэнцыі таксама і ў складзе дэлегацый.

3. Пры выкананні супольных праектаў з беларускімі ВНУ патрабаваць іх выканання па сутнасці з рэальным паляпшэннем стану акадэмічніх свабод з нулевой талерантнасцю да фактаў фальсіфікацыі справаздач і прыцягненнем незалежнага маніторынгу за ходам выканання праектаў, у тым ліку ў супрацоўніцтве з незалежнымі дэмакратычнымі беларускімі НДА.

4. Выкананне тых праектаў, якія адбываюцца на дадзены момант, перафарматаваць такім чынам, каб была магчымасць супрацы непасрэдна са студэнтамі і студэнткамі, і прадстаўнікамі і прадстаўніцамі акадэмічнай супольнасці, без кантролю з боку адміністрацыі. Дадзенае правіла неабходна ўключыць ва ўсе будучыя праекты, з узмацненнем удзелу дэмакратычных студэнцкіх НДА і НДА, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў(ц) акадэмічнай супольнасці.

З павагай,

Прадстаўнікі(цы) грамадскіх арганізацый

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Моладзь Руху

Апошнія навіны