Навіны Навіны Беларусі

Сёмая летняя Школа Руху «За Свабоду» праходзіць у Беластоку

Сёмая летняя Школа Руху «За Свабоду» праходзіць у Беластоку

6909 Праглядаў Беласток
15 ліпеня ў Беластоку (Польшча) пачала працу Летняя Школа Руху «За Свабоду» пад назвай «Блізкая ўлада», прысвечаная тэме мясцовага самакіравання. Школа арганізавана ў партнёрстве з Беларускім Домам з Варшавы. У гэтым годзе на яе быў адзін з самых вялікіх конкурсаў: 70 чалавек прэтэндавалі на 25 месцаў.

Удзельнікі Школы з маршалкам Падляскага ваеводства Ежы Ляшчынскім

«Сярод запрошаных экспертаў і выкладчыкаў прысутнічаюць польскія палітыкі і чыноўнікі, беларускія эксперты, запланаваны візіт у Бельск Падляскі, дзе горадам кіруе беларуская кааліцыя», — паведаміў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ён перакананы, што «атрыманыя на школе веды і досвед будуць важнымі для разумення, як павінна функцыяваць мясцовая ўлада і як выпрацоўваць лепшыя практыкі для правядзення рэформы мясцовага самакіравання ў дэмакратычнай Беларусі».

Старшыня Беларускага Дому, Алесь Зарэмбюк адзначыў, што: «Падляскае ваяводства абрана для летняй школы Руху невыпадкова. На прыкладзе працы падляскіх інстытутаў мясцовага самакіравання і дзейнасці грамадскіх ініцятываў беларускія ўдзельнікі пазнаёмяцца з структурай працы мясцовага самакіравання ў Польшчы, даведаюцца пра эфектыўныя інструменты партнёрства мясцовай улады, грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў а таксама сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы, якая ад вякоў кампактна пражывае на Беласточчыне. Сёмая школа Руху адбываецца пад патранатам намесніка старшыні камісіі па міжнародных справаў польскага парламента Роберта Тышкевіча».

«Сёлета было вельмі шмат заявак, амаль 3 чалавекі на месца. Усе, хто падаваўся, — асобы цікавыя і ў плане адукацыі, і ў плане дзейнасці. Па тых заяўках, што дасылаліся, бачна, што вопыт і веды, атрыманыя на Школе спатрэбяцца ў дзейнасці», — распавёў сайту Pyx.by дырэктар сёмай Школы Руху, намеснік старшыні арганізацыі Кірыл Стаселька.

Ён падкрэсліў, што «Блізкая ўлада» — унікальная школа, як і кожная, што ладзіліся рухам: «мы абіраем кожны раз новую тэму і прапануем адпаведны склад экспертаў».

Сярод польскіх лектараў дэпутат польскага Сейму, старшыня групы па справах Беларусі Роберт Тышкевіч, віцэ-маршалак выканкаму ваяводства Падляскага Мацей Жыўна, дырэктар Радыё «Рацыя» Яўген Вапа. Беларускі бок прадстаўляюць эканаміст Сяргей Чалы, каардынатар праектаў АГА «Фонд імя Льва Сапегі» Андрэй Завадскі, доктар навук Алесь Міхалевіч і г.д.

Па выніках школы студэнты атрымаюць не столькі тэарэтычныя веды, а практычныя інструменты якія змогуць выкарыстаць у сваёй грамадскай дзейнасьці ў будучым а таксама параўнаць беларускае мясцовае кіраванне з польскім самакіраваннем.

Па дадзеных арганізатараў Летняй Школы, большасць з тых, хто накіраваў заяўку на ўдзел у школу — мужчыны (62,9%), жыхары Мінску (35,5%), Мінскай і Брэсцкай вобласці (па 16,1%), прадстаўленыя ўсе рэгіёны Беларусі. 30% з прэтэндэнтаў раней не удзельнічалі ў тых ці іншых грамадскіх арганізацыях і ініцыятывах.

Гэта сёмая па ліку школа, якую штогод ладзіць Рух «За Свабоду». Сёлета школа адбываецца ў партнёрстве з Беларускім Домам у Варшаве. Першая была праведзеная ў ліпені 2011 году ў Варшаве, другая — у Вільні, трэцяя — на Беласточчыне, чацвёртая і пятая — пад Трокамі, шостая — пад Мінскам.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Летняя Школа Руху

Апошнія навіны