Навіны Навіны Беларусі

Адміністрацыя крамы ў Брэсце адмовілася прызнаваць памылку ва ўжыванні «георгіеўскіх стужак»

Адміністрацыя крамы ў Брэсце адмовілася прызнаваць памылку ва ўжыванні «георгіеўскіх стужак»

1580 Праглядаў Брэст
Кіраўніцтва крамы ў Брэсце з разуменнем паставілася да меркавання актывіста Руху «За Свабоду» Яўгена Скрабутана пра «георгіеўскую стужку», але сваю памылку ў выкарыстанні яе прадаўцамі не прызнала.

Актывіст Руху звярнуў на аранжава-чорныя стужкі ў прадаўцоў «Прамтавараў» напярэдадні 9 траўня. Яго здзівіла тое, што нягледзячы на папсаваную рэпутацыю у «георгіеўскіх стужак» анэксіяй Крыма і баямі на Усходзе Украіны, кіраўніцтва загадала прадаўцам ужываць менавіта іх, а не рэкамендаваную ўладамі кветку яблыні. Напісаць скаргу яму параілі прадстаўнікі кіраўніцтва.

«ААТ „Прадтавары“ глыбока паважае вашае меркаванне па пытанню дарэчнасці выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь георгіеўскай стужкі ў час правядзення святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Перамогі, а таксама з разуменнем адносіцца да вашых прадстаўленняў аб прызначэнні і сімвалізме георгіеўскай стужкі», — адзначылі прадстаўнікі адміністрацыі крамы ў адказ на скаргу Скрабутана.

Там падкрэслілі, што для многіх, пры гэтым, «для многіх людзей (асабліва старэйшага пакалення) асацыюецца з Перамогай і вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», а яе выкарыстанне не забароненае заканадаўствам.

«Лічым, ваша меркаванне па выкарыстанню ў якасці сімволікі георгіеўскай стужкі раўназначным адносна іншых меркаванняў грамадзян Рэспублікі Беларусь па гэтаму пытанню. У гэтай сувязі падставы для прыняцця мераў па вашаму звароту адсутнічаюць», — заключылі ў «Прамтаварах».

«Я не разумею, як у сучаснай Беларусі можна спасылацца на асацыяцыю „георгіеўскай стужкі“ з перамогай, — пракаментаваў адказ крамы Скрабутан. — Гэта прыкладна калі б нехта хадзіў па вуліцах са свастыкай і тлумачыў, што ў старажытнасці гэта быў салярны сімвал».

Ён нагадаў, што да ўсяго іншага, у Брэсце жыве шмат украінцаў.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны