Навіны Навіны Беларусі

Беларускія ўлады перашкаджаюць спробам дыялогу

Беларускія ўлады перашкаджаюць спробам дыялогу

2848 Праглядаў
Нацыянальнай платформе Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» адмоўлена ў месцы для правядзення канферэнцыі «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні». Канферэнцыя павінна была адбыцца 19-20 сакавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB).

Аднак 14 сакавіка аргкамітэту канферэнцыі стала вядома, што IBB не можа ўзгадніць прадастаўленне памяшкання для мерапрыемства з прычыны рашэння аднаго з заснавальнікаў — Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Па фармальных прычынах адміністрацыя гатэля Crowne Plaza таксама раптам адмовіла ў магчымасці правядзення канферэнцыі.

Аргкамітэт канферэнцыі «разглядае гэтыя рашэнні як мэтанакіраваныя дзеянні беларускіх улад па стварэнни перашкод у дзейнасці Нацыянальнай платформы ФГС УП. Прычынай такога відавочнага процідзеяння магла стаць тэматыка і чаканы склад удзельнікаў мерапрыемства. Нацыянальная платформа ФГС УП выступіла з ідэяй кансалідацыі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама абмеркавання магчымай адзінай стратэгіі аб’яднаных сіл. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаліся не толькі дзеячы грамадзянскай супольнасці і эксперты, але таксама прадстаўнікі шэрагу палітычных сілаў. Фактычная забарона канферэнцыі выглядае асабліва неканструктыўным крокам на фоне публічных заяваў беларускага МЗС адносна важнасці для Беларусі ініцыятывы „Усходняе партнёрства“. Ігнаруючы адзін з найважнейшых кампанентаў гэтай ініцыятывы Еўрасаюза — Форум грамадзянскай супольнасці, беларускія ўлады, фактычна, парушаюць прынятыя ў рамках „Усходняга партнёрства“ абавязальніцтвы».

У такіх абставінах аргкамітэтам прынята змушанае рашэнне аб пераносе канферэнцыі на больш позні тэрмін — на першую дэкаду красавіка. Тым не менш, заяўляецца, што «ніякія перашкоды не павінны спыніць працэс публічнага абмеркавання агульнай стратэгіі ўсіх дэмакратычна арыентаваных сілаў краіны». 18 сакавіка ў 13.00 аргкамітэт канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» праводзіць прэс-канферэнцыю з удзелам лідэраў грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў экспертнай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.

У ёй возьме ўдзел лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Тэма прэс-канферэнцыі — абмеркаванне агульнай стратэгіі дэмакратычна арыентаваных сілаў Беларусі:

«У сітуацыі, калі ўсё больш узмацняецца раскол у беларускім грамадстве, пазітыўныя змены ў краіне немагчымыя без наладжвання дыялогу аб будучыні паміж рознымі грамадска-палітычнымі сіламі. Аднак для таго, каб стаць паўнавартасным бокам у гэтым дыялогу, дэмакратычным сілам Беларусі неабходна кансалідавацца вакол адзінай стратэгіі дзеянняў. Праблема кансалідацыі, нягледзячы на сваю відавочнасць, не можа быць вырашана без узгаднення стратэгій і падыходаў, якія існуюць у розных грамадскіх сілах. Такія падыходы павінны быць публічна выяўленыя і толькі пасля іх крытыкі і аналізу можна прыступіць да фарміравання і прапанове адзінай стратэгічнай платформы дзеянняў на перыяд бліжэйшай будучыні».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны