Навіны Навіны Беларусі

Актывіст Руху «За Свабоду» аштрафаваны на 575 рублёў за налепку з Пагоняй

Актывіст Руху «За Свабоду» аштрафаваны на 575 рублёў за налепку з Пагоняй

2166 Праглядаў Навагрудак
Актывіста Руху «За Свабоду» Вадзіма Бабіна абвінавацілі ў тым, што ў Карэлічах ён наклеіў на трубу налепку з Пагоняй. Не запрасіўшы яго на разгляд справы, актывіста аштрафавала на 575 рублёў (25 базавых велічіняў) камісія Наваградскага райвыканкама.

Сябра Руху «За Свабоду» Вадзіма Бабіна асудзілі ў Карэлічах на 7 сутак. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі. Пазней прыйшла папера пра яшчэ адну адміністратыўную справу за тое, што ён быццам бы наклеіў налепку.

Справу разглядала адміністратыўная камісія райвыканкама. Узначаліў камісію намеснік старшыні камісіі Н. Піваварчык, у яе склад таксама ўвайшлі яшчэ сем чыноўнікаў. Бабіна абвінавацілі на гэты раз у парушэнні ч. 2 ст. 21.14 КоАП (парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў).

Па дадзеных камісіі, 24 сакавіка з 16 да 16.40 Вадзім Бабін «размясціў на водасточнай трубе за будынкам аўтастанцыі ў г.п. Карэлічы налепку ў выглядзе стыкеру «Герб Пагоня». Чыноўнікі палічылі, што віна актывіста даказаная пратаколамі апытання Бабіна і двух міліцыянтаў, а таксама тым, што пры даглядзе ў актывіста былі знойдзеныя «аналагічныя» налепкі.

Не запрасіўшы актывіста Руху «За Свабоду» на разгляд справы, чыноўнікі вырашылі аштрафаваць яго на максімальна магчымую суму — 25 базавых велічыняў.

«Мне проста кінулі заказны ліст у паштовую скрыню, пра разгляд справы не папярэджвалі, на яго не запрашалі», — сказаў сайту Pyx.by Вадзім Бабін.

Актывіст Руху «За Свабоду» сваёй віны не прызнае, кажа, што налепку ў Карэлічах не клеіў. Магчымае супадзенне налепкі з тымі, што былі знойдзеныя ў яго ў заплечніку, тлумачыць тым, што рэчы доўгі час заставаліся на «адказным захоўванні» у пастарунку, і за гэты час маглі быць выкарыстаныя для чаго заўгодна.

Вадзім плануе звярнуцца для абароны сваіх правоў да праваабронцаў.

Актывіст Руху быў пазбаўлены права на поўнавартасную абарону праз паводзіны чыноўнікаў, упэўнены каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Вадзім Левон.

«Да таго, касмічныя штрафы за нашу нацыянальную сімволіку — гэта дзікасць. Усе адказныя за вынясенне падобных рашэнняў павінны быць пакараныя. Рана ці позна мы вернем наш сапраўдны сцяг і герб і ўсіх, хто даваў гэтыя штрафы, будуць судзіць», — дадаў абласны каардынатар Руху.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны