Еўрапейскія палітыкі пасля дзеянняў рэжыму кажуць не толькі пра магчымае вяртанне кропкавых санкцыяў, але і эканамічных, адзначыў Губарэвіч.
«На сёння мы кажам пра магчымае ўвядзенне персанальных санкцыяў супраць суддзяў, прадстаўнікоў сілавых органаў, хто ўдзельнічаў у разгонах мірных дэманстрацыяў і збіцці людзей, якія выйшлі на мірныя акцыі», — сказаў старшыня Руху.
Палітык падкрэсліў, што сёння важна думаць пра пэўныя інтарэсы Беларусі як краіны. «З аднаго боку ёсць Расія, якая гатовая скарыстацца любымі праблемамі ў нашай краіне, каб узмацніць уплыў на Беларусь», — заявіў Юрый Губарэвіч.
У гэтых умовах важна, дадаў ён, адчыніць вакно на Захад. «Але ў гэтым вакне Лукашэнка павінны бачыць неабходнасць не толькі эканамічных, але і палітычных рэформаў. Усё ў руках у беларускага рэжыму: трэба выпусціць палітзняволеных, спыніць крымінальныя справы супраць патрыётаў, адмовіцца ад практыкі збіцця ўдзельнікаў мірных сходаў, даць магчымасць людзям публічна выказваць сваю пазіцыю на плошчах», — сказаў ён.
Такім чынам, лічыць старшыня Руху «За Свабоду», будзе наладжаны дыялог, важны ўнутры краіны. «Па гэтым шляху, магчыма, не проста але вельмі важна прайсці», — падкрэсліў Юрый Губарэвіч.
Будзе падрыхтаваная рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі, сказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. «Гэта не чарговая папера — гэта афіцыйная пазіцыя ўплывовай еўрапейскай арганізацыі», — падкрэсліў ён.
Правацэнтрысты працягнуць арганізоўваць мірныя акцыі пратэста. 9 красавіка акцыя пройдзе на стадыёне ў Бабруйску, шмат пададзена заявак у Брэсцкай вобласці — гэта ўсё будзе тэст рэжыму, адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
«Далучымся на 1 траўня да легальнай акцыі „Марш салідарнасці“, які арганізуюць прафсаюзы», дадаў ён.