Навіны Навіны Беларусі

У Горках павіншавалі студэнтаў з Днём Волі

У Горках павіншавалі студэнтаў з Днём Волі

2027 Праглядаў Горкі
З Днём Волі студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі мясцовыя актывісты віншуюць больш за дзесяць гадоў. Навучэнцы атрымліваюць тэматычныя паштоўкі, ідучы на заняткі. Сёлета ім нагадалі, што сто год таму Клаўдзі Дуж-Душэўскі, спалучыўшы ўлюбёныя беларускія колеры, стварыў нацыянальны сьцяг.

«Пад бел-чырвона-белым сьцягам была абвешчана незалежнай Беларуская Народная Рэспубліка. Дзякуючы БНР сёньня існуе Рэспубліка Беларусь», — напісана на паштоўках.

Год ад году, кажуць арганізатары акцыі, усё болей моладзі ведае пра дзень, калі Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана незалежнай.

«Ці наш гэта ўнёсак у іхную дасьведчанасьць, цяжка сказаць. Але радуе, што студэнты ўжо не адскокваюць ад нас, калі чуюць віншаваньне з Днём Волі. Большасьць нават на нашы віншаваньні адказвае сваімі», — кажа сябра рады руху «За свабоду» Андрэй Юркоў. Ён адзін з тых, хто публічна пачаў віншаваць студэнтаў з знакавай падзеяй беларускай гісторыі. Паводле актывіста, сёньня паштоўкі атрымалі некалькі сот навучэнцаў акадэміі.

«Хваля рэпрэсіяў, якая ўсчалася і пра якую шмат згадак у інтэрнэце, спрыяе, як ні дзіўна, цікаўнасьці моладзі да беларускай гісторыі, — кажа Андрэй Юркоў. — Сярод студэнтаў былі адзінкі, якія ня бралі паштовак, бо баяліся, але большасьць ад іх не адмаўляліся. Некаторыя казалі, што сочаць за падзеямі ў Менску, і нэгатыўна выказваліся пра хапун напярэдадні Дня Волі».

За час віншавальнай акцыі інцыдэнтаў зь міліцыяй і супрацоўнікамі акадэміі не было.

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
  • #542 26.03.2017 11:35 @ Нік

    Паштоўкі - гэта добра. Яшчэ трэба зрабіць у кожным горадзе і паселішчы мясцовы СВОЙ партал дзеля абмену думкамі ці звесткамі. Мясцовыя парталы зараз ёсць у кожным горадзе, але гэта праўладныя трыбуны і яны даюць магчымасць весці беларусфобную прапаганду прыхільнікам усточнага суседа. Аргументы супраць хутка знікаюць. З гэтым трэба змагацца.

Дзень Волі

Апошнія навіны