Навіны Навіны Беларусі

Будучыню Курапатаў абмяркуюць на круглым стале

Будучыню Курапатаў абмяркуюць на круглым стале

2275 Праглядаў Мінск
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч правёў сустрэчу з сябрамі Руху, якія ўдзельнічалі ў абароне тэрыторыі ля Курапатаў. На ёй таксама прысутнічалі актывісты з іншых арганізацыяў.

Удзельнікі абароны тэрыторыі ля Курапатаў падвялі вынікі двухтыднёвай вахты. «Цяжка не было. Але ёсць адчуванне, што кропка яшчэ не пастаўленая», — сказаў сябар Руху «За Свабоду» Аляксей Клюшнічэнка.

«Ёсць эйфарыя, што мы перамаглі», — адзначыў прыхільнік Руху «За Свабоду» Алесь Кіркевіч. — Але Курапаты не скончаныя для нас. Трэба браць на сабе ініцыятыву ў папяровай вайне з чыноўнікамі«. Па ягоным меркаванні варта «ўвесь час трымаць тэму на кантролі».

Абаронцы Курапатаў казалі, што бачылі ад мясцовых жыхароў падтрымку, абмеркавалі, як працягнуць з імі працу. «Ні з нянавісцю, ні з негатывам я не сустракаўся. Частка з мясцовых жыхароў адразу зразумела, што адбываецца. Пачастунак прыносілі», — прыгадаў бард Андрэй Мельнікаў.

Бард Зміцер Захарэвіч нагадаў, што жыхары бліжэйшых дамоў да пачатку кампаніі абароны паспелі сабраць 600 подпісаў супраць будаўніцтва.

«Людзі ў курсе. З імі можна далей працаваць», — адзначыў Кіркевіч.

Удзельнікі сустрэчы дадалі, што не было ніякіх непаразуменняў і з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі ў пратэстоўцаў.

Старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, які вёў сустрэчу, падводзячы вынікі, адзначыў, што зараз варта працягваць барацьбу за Курапаты з дапамогай заканадаўства. Ён нагадаў пра скаргі, якія накіраваў уладам з патрабаваннем правесці новыя грамадскія слуханні па спрэчнай тэрыторыі.

«Неабходны круглы стол, дзе сустрэнуцца эксперты, актывісты і мясцовыя жыхары і зоймуцца выпрацоўкай канкрэтных ідэяў па далейшым лёсе Курапатаў», — падкрэсліў Губарэвіч.

Ягоную ідэю падтрымалі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны