Рэжым сёння вярнуўся да практыкі ціску на рэгіянальных актывістаў, якія прынялі ўдзел у акцыях пратэсту супраць Дэкрэта № 3, у тым ліку і прэвентыўных затрыманняў, заявіў на сённяшняй прэс-канферэнцыі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.
У якасці прыклада ён прывёў выпадак з актывістам з Бярозы Аляксандрам Кабанавым, якога двойчы затрымлівалі напярэдадні Марша ў Брэсце 5 сакавіка, і зараз яго чакае суд.
У сувязі з гэтым аргкам прыняў адмысловую заяву, якую Губарэвіч зачытаў журналістам.
«У лютым ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі прайшла першая хваля Маршаў супраць Дэкрэта № 3. На гэтыя акцыі ўпершыню за шмат год выйшла рэкордная колькасць людзей. Улады ж пачалі дзейнічаць традыцыйнымі для іх метадамі: сёння яны ціснуць на актывістаў, якіх вінавацяць у арганізацыі ці актыўным удзеле ў акцыях. Па дадзеных праваабаронцаў, як мінімум 18 чалавек ужо выкліканыя ў міліцыю ці на іх складзеныя пратаколы», — адзначана ў заяве.
Аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» выказаў рашучы пратэст падобнай практыцы і абвесціў збор сродкаў для аплаты ўсіх штрафаў. Акрамя таго, прадстаўнікі кампаніі абяцаюць усебаковую юрыдычную дапамогу тым, хто можа стаць ахвярай дзеянняў улады. Палітыкі заклікалі «усіх неабыякавых беларусаў быць салідарнымі з людзьмі, якія пацерпяць ад ціску рэжыму».
«Уладам не ўдасца запужаць удзельнікаў акцыяў супраць Дэкрэта № 3, ніхто не застанецца без падтрымкі!» — сказана ў заяве.
«Зараз адбудуцца суды над тымі актывістамі, якія ўзялі на сабе адказнасць за арганізацыю акцыяў пратэста супраць Дэкрэта № 3. Заўтра прыйдуць за тымі, хто з народу. Мы зробім усё магчымае, каб падтрымка была аказаная кожнаму, хто пацерпіць ад дзеянняў улады, і на наступныя акцыі выйшла яшчэ больш людзей», — заключыў Юрый Губарэвіч.
У кампаніі «Мы не дармаеды» прымаюць удзел 9 структураў, у тым ліку Рух «За Свабоду», Партыя АГП, Партыя БХД, Беларуская партыя Зялёныя, БСДП (Грамада) і г.д.