Навіны Навіны Руху

Як беларусы змагаюцца са страхам, які нагнятаюць улады

Як беларусы змагаюцца са страхам, які нагнятаюць улады

4163 праглядаў
асьЗ дапамогай цяперашніх рэпрэсіяў супраць апанентаў улады штучна нагнятаюць ў краіне атмасферу страху. Ці адчуваюць беларусы сябе сапраўды запалоханымі?

На думку апазіцыйных палітыкаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці, рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, накіраваны на тое, каб запалохаць усіх, хто не згодзен з палітыкай уладаў. Шараговыя беларусы спрабуюць супрацьстаяць гэтаму дэманстрацыяй салідарнасці з пацярпелымі. А апазіцыя прапануе свае метады барацьбы са штучным нагнятаннем атмасферы страху ў грамадстве.

Штучныя бар’еры

Беспрэцэдэнтная колькасць палітвязняў, бесперапыннае цкаванне ў дзяржаўных СМІ апанентаў прэзідэнта Лукашэнкі, а таксама нематывавана жорсткія прысуды ўдзельнікам акцыі пратэсту 19 снежня — усё гэта, на думку намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, паказвае на тое, што атмасфера страху ў грамадстве нагнятаецца штучна.

«Пераследуюць не толькі актывістаў апазіцыі і няўрадавых арганізацый, але і шараговых грамадзян. Прычым толькі за тое, што яны маюць сваё меркаванне і не баяцца выказваць яго адкрыта», — тлумачыць Губарэвіч. Тым самым, лічыць актывіст, улады імкнуцца запалохаць як мага большую колькасць беларусаў і адбіць у іх усялякае жаданне цікавіцца палітыкай.

Не балбачы!

Па дадзеных апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), якое праводзілася ў кастрычніку 2010 года, 40 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што большасці беларусаў адкрыта выказваць свае палітычныя погляды перашкаджае страх.

Сёння жадаючых падзяліцца сваім меркаваннем аб тым, што адбываецца ў краіне, стала прыкметна менш. Адвакаты, што вядуць справы абвінавачаных у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня, практычна адмовіліся ад усялякіх зносін з прэсай. Людзі на мінскіх вуліцах таксама з асцярогай ставяцца да чалавека з мікрафонам. І калі яны і згаджаюцца на кантакт, то толькі калі даведваюцца, што гэта журналіст з недзяржаўных СМІ.

Па ўсёй Беларусі адмяняюць канцэрты музыкаў, вядомых актыўнай грамадзянскай пазіцыяй або крытычнымі выказваннямі на адрас беларускіх уладаў. І гэта, нягледзячы на тое, што чыноўнікі ўпарта адмаўляюць існаванне адпаведных «чорных спісаў» дзеячаў мастацтва.

Сублімацыя пачуццяў

Мілана Міхалевіч, аднак, пераканана, што пасля 19 снежня беларусы сталі іншымі. Яна распавядае, што на працягу першых двух сутак пасля арышту мужа, экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, са словамі падтрымкі ёй патэлефанавалі каля 80 чалавек. Выходзілі на сувязь як знаёмыя, аб якіх шмат гадоў нічога не было чуваць, так і староннія людзі.

Многіх пасля такіх званкоў сталі выклікаць на размовы ў КДБ, але гэта не спыніла хвалю салідарнасці, кажа Мілана. «Людзі, нягледзячы на ціск, не баяцца выказваць сваё меркаванне. Няхай не на старонках газет, не на Плошчы, але ўжо і не на кухні», — заўважае яна.

Ініцыятар праекта «Салідарнасць» у інтэрнэце Дар’я Каткоўская перакананая, што нябачаную дагэтуль хвалю салідарнасці справакавалі самі ўлады. На заклік дзяўчыны аказаць дапамогу арыштаваным, што быў размешчаны сацыяльных сетках у ноч з 19 на 20 снежня, адгукнуліся сотні суайчыннікаў.

«Гэта стала адказам на гнеў і фрустрацыі, што перажываў у той момант кожны нармальны беларус. Многія прыйшлі дапамагаць, каб пераадолець пачуццё страху і расчаравання», — заўважае Дар’я.

Страху няма?

Прадстаўнікі апазіцыі таксама вырашылі ўнесці свой уклад у барацьбу з пасеяным ў грамадстве страхам. Кааліцыя «Беларускі выбар», куды ўваходзяць Рух «За Свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», партыя Беларускага Народнага фронту, саюз «За мадэрнізацыю» і аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, у пачатку сакавіка прэзентавала кампанію «Страху няма».

Юрась Губарэвіч кажа, што старт кампаніі дала прэс-канферэнцыя Алеся Міхалевіча, на якой палітык распавёў аб катаваннях, якім падвяргаўся, знаходзячыся ў СІЗА КДБ. Зрэшты, арганізатары маюць намер прыцягнуць да ўдзелу ў кампаніі як мага больш шараговых грамадзян. Ужо аб’яўлены конкурс слоганаў, плакатаў, карыкатур, фота- і відэаматэрыялаў, якія распавядаюць пра падзеі ў краіне у гумарыстычным ключы. Конкурсныя працы абяцаюць выставіць на спецыяльным сайце, які пачне працу праз некалькі дзён.

dw-world.de

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Страху няма!

Апошнія навіны