Навіны Навіны Беларусі

Міхалевіч стаў недасяжным для КДБ (дадаюцца падрабязнасці)

Міхалевіч стаў недасяжным для КДБ (дадаюцца падрабязнасці)

7909 Праглядаў
Экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча зноў выклікалі ў КДБ. Палітык мусіў туды з’явіцца 14 сакавіка а 12-й гадзіне, як яму сказалі, «для правядзення следчых дзеянняў». Аднак не з’явіцца.

Алесь Міхалевіч у ноч з 13 на 14 сакавіка распаўсюдзіў у сваім LJ такую заяву:

«Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынка КДБ ужо не выйду. Таму мяне ў КДБ не будзе. Зараз я знаходжуся ў надзейным месцы, не ў зоне дасяжнасці беларускага КДБ. Збіраюся працягваць працу над спыненнем катаванняў і вызваленнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца па палітматывах».

Як стала вядома Pyx.by, Алесь Міхалевіч здолеў пакінуць краіну.

Нагадаем, Міхалевіч, які праходзіць па крымінальнай справе па падзеях 19 сакавіка, быў выпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Вызваліўшыся, ён зрабіў сенсацыйную заяву пра тое, што ў КДБ яго катавалі дзеля вербавання. У Камітэце дзяржбяспекі гэта назвалі паклёпам.

На мінулым тыдні Міхалевіча цягалі на допыт у КДБ. Многія зрабілі выснову, што яго зноў арыштуюць, але там экс-кандыдату, з яго словаў, паказалі нібыта кампраматнае відэа з ім, знятае схаванай камерай.

«Для мяне існуе адзіная прычына, якая апраўдвае такія мае крокі, — гэта рэальная фізічная пагроза», — патлумачыў Алесь Міхалевіч Pyx.by сваё рашэнне пазбегнуць сустрэчы з супрацоўнікамі КДБ.

«Усе бачаць, што гэтыя людзі гатовыя пайсці на ўсё, у іх дзеяннях няма законнасці і адкрытасці», — кажа Міхалевіч.

«Тое, што Алесь Міхалевіч пакінуў КДБ з носам і здолеў знікнуць з яго поля зроку, даказвае, што спецслужбы не ўсемагутныя», — кажа намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

З падрабязнасцяў вядома, што адсачыць ад’езд Міхалевіча КДБістам не ўдалося, а ад’ехаў ён уначы. Дарога ў «надзейнае месца» заняла амаль суткі. Сям’я (жонка і дзве дачкі) засталіся ў Беларусі.

Алесь Міхалевіч наважаны пры першай рэальнай магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Ён распавёў Pyx.by, што зоймецца дзейнасцю па лініі міжнародных арганізацый, якія могуць паўплываць на беларускую сітуацыю дзеля спынення рэпрэсій — і ў прыватнасці, катаванняў у вязніцах.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны