Навіны Навіны Беларусі

Праходзіць збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй за помнік героям Слуцкага збройнага чыну

Праходзіць збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй за помнік героям Слуцкага збройнага чыну

1687 Праглядаў Слуцк Мінск
Сябра Рады Руху «За Свабоду» Аліна Нагорная стала ініцыятарам анлайн-збору подпісаў у падтрымку ўсталявання ў Слуцку помніка Слуцкім паўстанцам.

«Мы, грамадзяне Беларусі, патрабуем усталяваць у г.Слуцку помнік нацыянальным героям, абаронцам незалежнасьці Беларусі. Месца для усталяваньня помніка прапануем — вул. Леніна 171, насупраць Слуцкага Краязнаўчага музею. Прапануем назву для помніка (Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына)», — сказана ў тэксце петыцыі на сайце Zvarot.by, дзе можна пакінуць подпіс у падтрымку ініцыятывы.

Аўтары звароту нагадваюць, што слуцкае паўстанне было барацьбой беларусаў за ўласную дзяржаву, якая б не падпарадкоўвалася чужынцам. «Праз дзеянні паўстанцаў-случчакоў нават за мяжой даведаліся пра тое, што Беларусь змагаецца за сваю незалежнасць, ды ў 1948 годзе ў нямецкім горадзе Мітэнвальд каля Альпаў быў усталяваны помнік у гонар Слуцкіх паўстанцаў», — адзначана ў звароце.

«У 1920 годзе тысячы случчакоў змагаліся за тое, каб захаваць свабоду і незалежнасць нашай зямлі. Падчас бальшавіцка-польскай вайны 1919-1920 гг. Случчына некалькі разоў пераходзіла ад Польшчы да Расіі і наадварот, а потым стала нейтральнай тэрыторыяй. Случчакі не хацелі ўлады чужынцаў, яны былі за сваю беларускую дзяржаву», — распавяла сайту Pyx.by ініцыятар кампаніі, сябра Рады Руху «За Свабоду» Аліна Нагорная.

Яна нагадала, што ў лістападзе 1920 г Рада Случчыны прыняла рашэнне абараняць Беларусь у любым выпадку, неглядзячы на колькасную перавагу ворагаў.

«27 лістапада пачаліся першыя баявыя дзеянні. Да 31-га снежня просты люд са зброяй у руках бараніў незалежнасць. Шмат хто загінуў, але іх чын застаецца ў памяці беларусаў як узор прагі і волі да годнага і свабоднага жыцця па сваіх законах на сваёй зямлі», — дадала Нагорная.

Яна заклікала падпісаць петыцыю усіх неабыякавых людзей, якія паважаюць памяць Роднай зямлі, памяць нацыянальным Героям, абаронцам незалежнасці Беларусі.

На момант публікацыі матэрыяла петыцыю падтрымалі 133 чалавекі.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны