Навіны Навіны Беларусі

Міліцыя апытала сябра Руху «За Свабоду» па заяве па абразе Лукашэнкі

Міліцыя апытала сябра Руху «За Свабоду» па заяве па абразе Лукашэнкі

2781 прагляд Калінкавічы Мінск
Жыхар Мачулішчаў Вячаслаў Сафронаў напісаў заяву на сябра Руху «За Свабоду» з Калінкавічаў Дзяніса Рабянка, у якой просіць пакараць яго за абразу Лукашэнкі на падставе публікацыяў у сацсетцы «Вконтакте».

«Сёння з раніцы мяне пабудзіў званок, кажуць: „Міліцыя“. Адчыняю, заходзіць участковы. Па ягоных словах, яму пераслалі заяву, каб ён правёў праверку. Нейкі Вячаслаў Анатольевіч Сафронаў з Мачулішчаў Мінскай вобласці патрабуе ў заяве прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці па арт. 368-371 (публічная знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і вышэйшых службовых асобаў», — распавёў сайту Pyx.by Дзяніс Рабянок.

Па ягоных словах, у заяве паведамлялася, што Сафронаў чытае ягоную старонку ў «ВКонтакте» і вельмі абураны быццам бы знявагамі на гэтай старонцы, просіць разабрацца і ўзбудзіць крымінальную справу. У сваю чаргу сябра Руху «За Свабоду» патлумачыў, што ў яго сапраўды ёсць старонка ў гэтай сацсетцы, але ў заяве пазначаная не яна (ягонае імя напісанае з памылкамі, няправільны id-адрас старонкі), а цытаты, прыведзеныя у дакуменце, не ягоныя.

«Я пішу на сваёй старонцы пра Лукашэнку, але не пішу пагрозы, што былі ўказаныя ў заяве, пішу, што трэба змяніць уладу», — адзначыў сябра Руху.

Па ягоных словах, ужо знойдзеныя сайты, якія, верагодна, належаць Сафронаву, дзе ён піша і пра «рускі свет», і беларускую мову, і выступае як антысеміт. «Я ўпэўнены, што гэтая заява, звязаная са справай супраць „Регнума“. На тых старонках прапаноўвалі са мной разабрацца. Хвалююцца, што ў Беларусі ёсць людзі, якія актыўна выступаюць за беларушчыну і незалежнасць краіны», — дадаў Рабянок.

Актывіст адзначыў, што ён будзе задаволены, калі будзе праведзеная праверка і ва ўзбуджэнні справы будзе адмоўлена. «Калі завядуць справу, я буду актыўна абараняцца, у тым ліку напішу заяву на гэтага Сафронава па змесце ягоных сайтаў», — падкрэсліў Дзяніс Рабянок.

Участковы таксама запытаўся ў актывіста: «Ці з’яўляецеся вы членам апазіцыі?» «Я сябра апазіцыйнай партыі АГП і Руху „За Свабоду“, — адказаў Рабянок. — Мы публічна выказваем сваю нязгоду з палітыкай ўладаў, але гэта дазволеная Канстытуцыяй дзейнасць».

У межах праверкі будзе таксама апытаны і аўтар заявы Вячаслаў Сафронаў.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны