Навіны Навіны Беларусі

«Атрымліваецца, у нас няма суду»: актывіст Руху «За Свабоду» ня можа даказаць у судзе, што на здымках ня ён, а іншы чалавек

«Атрымліваецца, у нас няма суду»: актывіст Руху «За Свабоду» ня можа даказаць у судзе, што на здымках ня ён, а іншы чалавек

2414 Праглядаў Свіслач Гродна
Гарадзенскі абласны суд адхіліў скаргу мастоўскага актывіста Васіля Клімовіча, пакаранага раённым судом за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы.
Рашэньнем Мастоўскага раённага суду Васіль Клімовіч пакараны 189 рублямі штрафу (9 базавых велічынь) за тое, што нібыта 30 кастрычніка браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ўшанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага на Дзяды ў Сьвіслачы.

У Гарадзенскім абласным судзе Клімовіч яшчэ раз патлумачыў, што ня быў ў той дзень наагул у Сьвіслачы. Сказаў, што раённы суд разгледзеў ягоную справу фармальна, адмовіў у тым, каб выслухаць ягоных сьведкаў.

— А сьведкі-міліцыянты папросту нахабна цьвердзілі ў судзе, што я там быў з бела-чырвона-белым сьцягам, не адказваючы ні на адно маё пытаньне. Акрамя таго, я зьвяртаў увагу суду, калі праглядалі відэа- і фотаздымкі, што на іх ня я, а іншы чалавек. Але мне ніхто не паверыў, і суд не зрабіў ніякіх намаганьняў для таго, каб устанавіць у судовым разборы праўду.

Удзельнікі акцыі ўшанаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы

Клімовіч хадайнічаў, каб у абласным судзе выслухалі сьведак, ягоную жонку і цесьця, якія маглі б пацьвердзіць, што 30 кастрычніка Васіль увесь дзень знаходзіўся ў Мастах. Ён таксама прасіў суд адмяніць рашэньне раённага суду і пакараць сьведкаў-міліцыянтаў, якія давалі лжывыя паказаньні супраць яго. Судзьдзя Андрэй Ліхач патлумачыў Клімовічу, што ў абласным судзе пры разглядзе скаргі сьведкаў ужо не выклікаюць, і ў хадайніцтве адмовіў. Судзьдзя задаў адно ўдакладняльнае пытаньне — ці мае Клімовіч брата-блізьнюка? Той адказаў, што не.

Пасьля кароткага перапынку судзьдзя Ліхач аб’явіў, што пакінуў рашэньне Мастоўскага раённага суду бяз зьменаў. Расхваляваны Клімовіч заявіў Свабодзе, што гэта беззаконьне, і ня толькі ў дачыненьні да яго, а і да тых людзей, якія былі 30 кастрычніка ў Сьвіслачы, ушаноўвалі памяць нацыянальных герояў на Дзяды. Ён намераны абскарджваць рашэньне абласнога суду.

— Акрамя гэтага, буду падаваць скаргу на мастоўскага судзьдзю, які фармальна разгледзеў маю справу, і на сьведак-міліцыянтаў, якія сфальсіфікавалі адміністрацыйны пратакол і давалі ў судзе лжывыя сьведчаньні. Наагул такое ўражаньне, што і ў абласным судзе ніхто маёй справы па сутнасьці не разглядаў, ім абы выпісаць гэтыя штрафы. Атрымліваецца, што ў нас няма суду, бо каб ён быў, то хоць нейкія магчымасьці даў мне для абароны.

У абласным судзе прысутнічаў грамадзкі праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. Паводле яго, адбываецца абсурд і судовая сыстэма відавочна настолькі падпарадкавана нейкім палітычным рашэньням і загадам пра перасьлед грамадзкай актыўнасьці, што для юрыспрудэнцыі тут папросту няма месца.

Уладзімер Хільмановіч

— Судзьдзя ў абласным судзе падтрымаў абсурднае рашэньне раённага суду. Тут можа быць два варыянты: альбо абласны судзьдзя наагул не разглядаў гэтае справы, альбо гэта папросту такі цынічны зьдзек. Дадам, што падобнае у судовай сыстэме і праваахоўных органах найбольш назіраецца менавіта ў Гарадзенскай вобласьці.

Міхал Карневіч

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Апошнія навіны