«Міліцыянты прыехалі да мяне дадому па месцу прапіскі. Мне пазванілі бацькі, і я сам падышоў у аддзяленне. Там я сустрэўся з участковым, які прапанаваў азнаёміцца з пратаколам, паказаў раздрукоўку фота з пашпарту», — распавёў сайту Pyx.by Максім Бабін.
У пратаколе, па ягоных словах, было сказана, што ён удзельнічаў у мерапрыемстве ў Свіслачы, гэтаму ёсць нейкія сведкі.
Бабін адмовіўся падпісваць пратакол. «Я сказаў, што мяне не было на акцыі. Кажу, вось да пратаколу далучаны дыск з фота, паглядзіце фота, зразумееце, што мяне не было», — дадаў актывіст.
Але гэта, па ягоных словах, міліцыянта не ўпэўніла.
Павестка прыйшла і брату Максіма Вадзіму Бабіну, які вучыцца ў Мінску. Менавіта да яго прыходзіў супрацоўнік КДБ некалькі месяцаў таму.
«Міліцыя рыхтуе пратаколы пад капірку. З такімі выпадкамі трэба абавязкова разбірацца», — сказаў сайту Pyx.by каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Вадзім Леван.
Ён лічыць гэта запужваннем актывістаў і кажа, што міліцыянтаў, якія складаюць падобныя пратаколы трэба прыцягваць да адказнасці.
Падобная гісторыя адбылася ў Мастах. Актывіст Руху «За Свабоду» з Мастоў Васіль Клімовіч сёлета не змог паехаць у Свіслач на ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскіх. Аднак гэта не перашкодзіла суду аштрафаваць яго на 9 базавых велічыняў (189 рублёў) за ўдзел у акцыі. 22 снежня Гродзенскі абласны суд разгледзіць скаргу на гэтае рашэнне.