Навіны Навіны Беларусі

Чыноўнікі вярнулі гарачую ваду ў Зэльву

Чыноўнікі вярнулі гарачую ваду ў Зэльву

1978 Праглядаў Гродна
У гарадскім пасёлку Зэльва ў Гродзенскай вобласці працяглы час была абмежаваная падача гарачай вады: яна была толькі ранкам і ўвечары. Аднак пасля звароту сябра Руху «За Свабоду» Яўгена Скрабутана і ўвагі да тэмы СМІ, вада падаецца амаль кругласуткава жыхарам.

«Гарачая вада бывае толькі ранкам і пад вечар! Выканкамаўскія распавялі, што ў 2014 годзе праводзіўся эксперымент, які паказаў, нібы зэльвенцы за тыдзень адно куб ці два гарачай вады днём выкарысталі, таму падаграваць яе немэтазгодна, дый у кацельні паляць шчапой, а то ж газ яшчэ прыйдзецца, кажа, марнаваць», — адзначыў у сваім Facebook Яўген Скрабутан.

У выніку ён паскардзіўся ў прыёмную перапрызначанай дэпутатцы.

«Пасля тэлефоннай размовы са спецыялістам па ЖКГ з Зэльвенскага райвыканкама склалася ўражанне, што яны там зэльвенцаў увогуле за людзей не лічаць. Маўляў, калісьці праводзілі эксперымент, які паказаў, што жыхарам пасёлка днём гарачая вада непатрэбна. А на пытанне, чаму ж у суседніх Ваўкавыску ці Слоніме доступ да гарачай вады кругласуткавы, адказу я так і не атрымаў. Напэўна, нашы мясцовыя спецыялісты з-за некампетэнтнасці проста не спраўляюцца са сваімі абавязкамі», — сказаў сайту Pyx.by Скрабутан.

Ён лічыць, што аргумент, «што ў Зэльве жыве мала людзей і падаграваць на ўсіх ваду немэтазгодна, — абсалютна непераканаўчы: маладыя бацькі сваіх дзетак павінны купаць ледзь ні кругласуткава, гарадскіх пенсіянераў таксама нельга раўняць з героямі анекдота пра рэчку і „колькі той зімы“ ў вёсцы дый узровень беспрацоўя ў нас даволі высокі, таму многія зэльвенцы днём вымушана сядзяць у хатах».

«А многія на працу ходзяць па іншым графіку, чым супрацоўнікі выканкама, якія, складваецца уражанне, вырашылі падаваць ваду выключна ў зручны для сябе час», — дадаў сябра Руху.

«Калі ў цэнтры Еўропы чыноўнікі не могуць забяспечыць людзей гарачай вадой ў кватэрах, як можна разважаць пра бясплатны вайфай, развіццё турызму ці, не дай божа, „смарт сіці“ — гэта ж сорам!» — заключыў Яўген Скрабутан.

І вось пасля звароту сябра Руху «За Свабоду» чыноўнікі вырашылі пайсці насустрач жыхарам Зельвы і ўключыць ваду амаль кругласуткава — з 6 па 00.00 — пакуль у межах «вывучэння попыту».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны