Падзеі 19 снежня і прыйшоўшая за імі хваля рэпрэсій маюць на мэце павысіць узровень страху ў грамадстве, зрабіць народ паслухмяным і ціхім. Але гэтыя рэпрэсіі выклікаюць хутчэй актыўную непрыязь і пагарду. Людзі, якія выйшлі на плошчу 19 снежня, ведаюць, што іх шмат, што разам яны моцныя. Людзі, якія аб’ядналіся ў беспрэцэдэнтым парыве салідарнасці, ведаюць, што нікога не пакінуць у нядолі, ніхто не застанецца адзін у цяжкай сітуацыі. У настроі грамадства выразна адчуваецца мэсыдж «Страху няма!».
У межах кампаніі «Страху няма!» Рух «За Свабоду» абвяшчае конкурс на лепшую рэалізацыю гэтага слогана. Прыймаюцца любыя формы крэатыўных ідэй — лозунгі, фота, відэа, малюнкі, коміксы, гісторыі з рэальнага жыцця і мастацкія нарысы. Галоўная ўмова — паказаць, што людзі не баяцца, што перамогшы страх, чалавек рушыць да свабоды.
Стварайце жыццёвыя дэвізы і лозунгі, якія пацвярджаюць ідэю кампаніі. Здымайце фота і відэа з адпаведным мэсіджам. Малюйце тое, што ўздымае настрой, натхняе і перамагае страх. Расказвайце нам рэальныя гісторыі і пішыце мастацкія замалёўкі, якія паказваюць, што толькі чалавек без страху — гэта свабодны чалавек.
Конкурсныя прапановы дасылайце на электронны адрас konkurs@mff.by да 10.04.2011. Яны будуць разгледжаны конкурснай камісіяй і лепшыя з іх будуць публікавацца на сайце Руху «За Свабоду» і партнёраў кампаніі.
Па выніках конкурсу журы вызначыць пераможцаў у пяці намінацыях:
- Лепшы слоган (тэкст мусіць быць дасланы прычэпленым файлам у фармаце *.doc)
- Лепшае фота (памер прычэпленых файлаў у фармаце *.jpg мусіць не перавышаць 10 Мб)
- Лепшае відэа (памер прычэпленага файла відэароліка мусіць не перавышаць 40 Мб)
- Лепшы малюнак/комікс (памер прычэпленых файлаў у фармаце *.jpg альбо *.gif мусіць не перавышаць 10 Мб)
- Лепшая гісторыя (тэкст мусіць быць дасланы прычэпленым файлам у фармаце *.doc)
Пераможцы атрымаюць карысныя і актуальныя ў сённяшніх умовах падарункі. Узнагароджанне адбудзецца 19 красавіка.
Кампанію «Страху няма!» праводзіць ініцыятыва «Беларускі выбар», у якую ўваходзяць «Рух «За Свабоду», Саюз «За мадэрнізацыю», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», Партыя свабоды і прагрэсу.