

22 лістапада Вітольду прыйшоў ліст з Лідскага РАУС — копія пратаколу за ўдзел у акцыі ў Свіслачы. У прыватнасці, з дакумента вынікае, што Ашурка абвінавачваюць у парушэнні арт. 23.34 ч. 3 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якія здзейсненыя паўторна). Сярод матэрыялаў справы пратакол агляду невядомых прадметаў і артыкулы з Інтэрнэту.
Пратакол склалі і на каардынатара Руху «За Свабоду» па Брэсцкай вобласці Юрыя Казакевіча. «Справу пачалі ў Свіслачскім РАУС, даслалі матэрыялы ў Баранавічы, там 21 лістапада склалі пратакол апытання», — распавёў сайту Pyx.by Казакевіч.
Па ягоных словах, суд, хутчэй за ўсё, будзе ў Баранавічах. «Інкрымінуюць ч.1 арт. 23.33 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў)», — дадаў Казакевіч.
Заведзеная справа і на каардынатара Руху «За Свабоду» па Гродзенскай вобласці Вадзіма Левана. Па ягоных словах, справу накіравалі ў суд.
У Зельве шукаў участковы і сябра Руху «За Свабоду» Яўгена Скрабутана. Бацькі перадалі яму, што, па словах міліцыянта, на яго прыйшла справа са Свіслачы.
Даты судовых працэсаў пакуль не вядомыя.