Навіны Навіны Беларусі

Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў патрабуе заблякаваць сайт Regnum, які абражае беларусаў

Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў патрабуе заблякаваць сайт Regnum, які абражае беларусаў

1954 праглядаў Калінкавічы
Сябра Руху «За Свабоду», былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок зьвярнуўся да генпракурора Беларусі з просьбай завесьці справу паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу ў дачыненьні да журналісткі расейскага інфармагенцтва Regnum, а таксама зрабіць запыт у Міністэрства інфармацыі, каб заблякаваць доступ да гэтага рэсурсу ў Беларусі з прычыны абразы на адрас краіны, беларусаў і беларускай мовы.

Нагодай для звароту стаўся артыкул Алы Бронь «Беларусь сыходзіць з „Русского мира“ цішком, з улікам украінскага досьведу», зьмешчаны на сайце згаданага расейскага агенцтва. Аўтарка называе Беларусь «зварʼяцелай недадзяржавай», беларускую нацыю — выдуманай, а мову — штучнай.

Расейская аўтарка сьцьвярджае, што літаратурная беларуская мова была створана ў 1920–1930 гадах «трацкістамі», «якіх пазьней вычысьціў Сталін». Сталін зьнішчыў беларусізатараў і спыніў беларусізацыю, але «пасьля развалу СССР недабітыя паліцаі і іх унукі зноў пачалі сваю чорную справу».

«Як я толькі прачытаў гэты абразьлівы артыкул, — апавёў Свабодзе Дзяніс Рабянок, — то адразу напісаў ліст генэральнаму пракурору. Артыкул закранае гонар нацыі, нашу незалежнасьць, пытаньне выжываньня нашай дзяржавы.

Мяркую, што наша Міністэрства замежных спраў выкліча амбасадара Расеі і афіцыйна ўручыць яму ноту пратэсту. Бо нельга цярпець такае: нібыта ў нас і „недадзяржава“, і ўсе, хто размаўляе на беларускай мове, гэта і „русафобы“, і „недаразьвітыя“. І мова наша — „дыялект расейскай“. А адраджаюць мову „недабітыя паліцаі і іх унукі“. Мой дзед прайшоў фінскую і Айчынную вайну, ад 1939 да 1945, я гавару па-беларуску, а яны будуць называць мяне ўнукам паліцая і русафобам? Такога нават у былым Саюзе ніхто сабе не дазваляў».

Спадар Рабянок заўважае, што зьмешчаны артыкул не на якім-небудзь заштатным падпісным партале, кшталту «Спутника и Погрома», а на сайце даволі вядомага афіцыйнага агенцтва, якое фінансуецца Крамлём. Выглядае, што і пазыцыя афіцыйнай Расеі такая: беларусы ня нацыя, а невядома хто.

«Я спадзяюся, што пасьля такіх закідаў нашы сілавыя структуры ўсурʼёз зоймуцца абаронай незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы, не дапусьцяць пранікненьня сюды так званага «русского мира». Калі Беларусь называюць «недадзяржавай», то камусьці абавязкова захочацца зрабіць тут «паўнавартасную дзяржаву», — лічыць Дзяніс Рабянок.

АЯ

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны