Навіны Навіны Беларусі

Губарэвіч патрабуе ўзбудзіць крымінальныя справы па фактах фальсіфікацый на выбарах

Губарэвіч патрабуе ўзбудзіць крымінальныя справы па фактах фальсіфікацый на выбарах

3414 Праглядаў Мінск
Былы кандыдат у дэпутаты па 108 Каліноўскай выбарчай акрузе Юрась Губарэвіч накіраваў скаргу ў Следчы камітэт па выніках выбараў з патрабаваннем правесці праверку і пакараць вінаватых у фальсіфікацыях.

«Падчас як датэрміновага, так і асноўнага галасавання мной, а таксама іншымі грамадзянамі былі зафіксаваныя шматлікія факты парушэнняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Лічу, што гэтыя факты дакладна сведчаць аб тым, што падчас выбараў, падліку галасоў па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 былі дапушчаны такія парушэнні Выбарчага кодэксу, якія паўплывалі на вынікі выбараў», — сказана ў скарзе Губарэвіча.

Ён лічыць, што падчас галасавання па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108, у прыватнасці, вёўся няправільны падлік выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Па падліках назіральнікаў разыходжанне ў колькасці выбаршчыкаў з афіцыйнымі дадзенымі было зафіксаванае на большасці ўчасткаў Каліноўскай акругі. Такім чынам, разыходжанне ў яўцы склала 5546 галасоў за час датэрміновага галасавання і 9968 выбаршчыкаў за асноўны дзень.

«Улічваючы, што назіральнікі фіксавалі ўвесь працэс выдачы бюлетэняў і апускання іх выбаршчыкамі ў скрыню, лічу, што ў дадзеным выпадку мела месца фальсіфікацыя яўкі», — лічыць Юрась Губарэвіч.

Ён патрабуе правесці па дадзеным факце праверку: апытаць назіральнікаў, праверыць спіс выбаршчыкаў і іх подпісы, абзваніць усіх выбаршчыкаў, правесці графалагічную экспертызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў.

Акрамя таго, Губарэвіч адзначыў у скарзе выпадкі ўкідвання бюлетэняў: на ўчастках № 625 (назіральнік Яраслаў Навуменка заўважыў вялікі стос бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасавання), №609 (назіральнікі заўважылі ўскрыццё скрыні, пячатка і нітка не супадалі).

Па меркаванні першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду», на акрузе вёўся таксама няправільны падлік галасоў. Так, на ўчастку № 618 старшыня камісіі пасля падліку галасоў агучыў вынікі галасавання, якія не супадалі з дадзенымі з выніковага пратаколу, пры вывучэнні табліцы з вынікамі галасавання ў акруговай камісіі высветлілася, што дадзеныя ў акруговай камісіі не адпавядаюць дадзеным па галасаванню на некаторых участках, зафіксаваных у пратаколах участковых камісій (істотныя разыходжанні былі заўважаныя з дадзенымі па ўчастках №№ 604, 609, 610, 616, 619, 624).

На падставе прыведзеных фактаў Юрась Губарэвіч патрабуе правесці «праверку па парушэннях выбарчага заканадаўства пры правядзенні галасавання па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108, ў тым ліку правесці графалагічную экспертызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў і апытаць саміх выбаршчыкаў, а таксама назіральнікаў», «узбудзіць крымінальную справу ў адпаведнасці з арт. 192 Крымінальнага кодексу Рэспублікі Беларусь».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны