Навіны Навіны Беларусі

Дэмакратычныя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў заявілі пра нелегітымнасць выбараў

Дэмакратычныя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў заявілі пра нелегітымнасць выбараў

3941 прагляд
Напярэдадні галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў шэраг дэмакратычных кандыдатаў падпісалі сумесную заяву. Ад Руху «За Свабоду» пад ім паставілі подпісы 11 удзельнікаў гэтай кампаніі.

Заява кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычных партый

Мы, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, ацэньваючы палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, канстатуем што:

1. Па віне кіруючых вярхоў краіна знаходзіцца ў сацыяльна-эканамічным крызісе, меры, што прымаюцца ўладамі па прадухіленні небяспечных для грамадства з’яў не паляпшаюць сітуацыю, а хутчэй, наадварот, яе пагаршаюць. Сэнс ўсіх сацыяльных рэформаў, што праводзяцца ў краіне, зводзіцца да перакладання адказнасці за рашэнні ўсіх праблем на саміх грамадзян.

2. Нягледзячы на абяцанні і запэўніванні ўладаў, народ Беларусі і сёння пазбаўлены права і магчымасці праз справядлівыя, свабодныя і дэмакратычныя выбары самастойна кіраваць краінай, абіраючы дэпутатаў парламента. Кіруючы рэжым не выканаў ні адну з рэкамендацый АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, і на практыцы «выбары» праходзяць па ўжо звыклым сцэнарыі фальсіфікацый народнага волевыяўлення пры поўным кантролі вертыкалі і пры падтрымцы судоў, пракуратуры і органаў аховы правапарадку.

Прадстаўніцтва апазіцыйных партый у выбарчых камісіях складае 0,08%, што з’яўляецца найгоршым паказчыкам за ўвесь час існавання аўтарытарнага рэжыму. Адмова дзяржаўных газет публікаваць праграмы апанентаў улады, нявыхад у эфір выступаў шэрагу апазіцыйных кандыдатаў сведчаць, што палітычная цэнзура застаецца важным складнікам ў дзеяннях арганізатараў «выбараў». Судовыя працэсы ў дачыненні да кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб сталі інструментам ціску і запалохвання прыхільнікаў пераменаў.

3. Замест неабходнага для пераадолення сістэмнага крызісу дыялогу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных і грамадскіх сіл краіны аўтарытарны рэжым працягвае палітыку эскалацыі агрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян, палітычных апанентаў і ўсіх незалежных ад улады структур грамадзянскай супольнасці.

4. Сам беларускі «парламент» застаецца дэкаратыўным інстытутам, закліканым, на думку кіруючых вярхоў, абслугоўваць ўладную вертыкаль, а не прадстаўляць інтарэсы грамадзян краіны.

Мы адначасова адзначаем, што выбары не могуць быць справядлівымі, свабоднымі і дэмакратычнымі пакуль:

1. у краіне няма свабоды прэсы;

2. пераследуюць іншадумства, абмяжоўваюцца правы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, незалежных прафсаюзаў;

3. ігнаруюцца гарантаваныя Міжнароднымі пагадненьнямі, Канстытуцыяй і заканадаўствам правы грамадзян на свабоду асацыяцый, мітынгаў і сходаў.

Разглядаючы любыя агульнанацыянальныя палітычныя кампаніі як магчымы інструмент вырашэння першачарговых праблем краіны, мы вымушаны заявіць, што кіруючы рэжым не скарыстаўся прадстаўленай гісторыяй магчымасцю, не змяніў практыку правядзення выбараў, уключаючы дэмакратызацыю заканадаўства, рэальны ўдзел апазіцыі ў фарміраванні выбарчых камісій, арганізацыю адкрытага і празрыстага падліку галасоў. У такой сітуацыі мы не можам разглядаць кампанію, якая адбываецца як рэальныя, легітымныя выбары і заяўляем, што працягваем у ёй удзел толькі з мэтай:

1. Інфармавання грамадзян краіны аб згубнасці курсу аўтарытарнага рэжыму і аб альтэрнатыўных праграмах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі.

2. Атрымання аб’ектыўнай ацэнкі правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

3. Інфармавання грамадзян краіны пра знойдзеныя факты парушэнняў, злоўжыванняў, фальсіфікацый.

4. Атрымання грамадскай падтрымкі альтэрнатыўным праграмам развіцця краіны і апазіцыйным кандыдатам.Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Ад Руху «За Свабоду» ў прыватнасці падпісалі:

Юрась Губарэвіч

Юрый Казакевіч

Хрыстафор Жаляпаў

Аляксандр Лагвінец

Вольга Дамаскіна

Максім Ціханаў

Аліна Нагорная

Юрась Меляшкевіч

Георгій Станкевіч

Віктар Янчурэвіч

Аляксей Гаўруцікаў

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны