Навіны Навіны Беларусі

Юрась ГУБАРЭВІЧ: «Увесь мой жыццёвы шлях — гэта змаганне за справядлівасць і перамогу ў Беларусі»

Юрась ГУБАРЭВІЧ: «Увесь мой жыццёвы шлях — гэта змаганне за справядлівасць і перамогу ў Беларусі»

1861 прагляд Мінск
Сярод самых першых зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты — намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Ён балатуецца па Калінаўскай акрузе № 108 Мінска.

– Сёлетная кампанія характэрна тым, што сярод прэтэндэнтаў нямала прафесіяналаў, людзей, якія шмат чаго карыснага зрабілі на сваіх працоўных месцах: медыкаў, настаўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў… А чым займаецеся вы, спадар Юрась? Няўжо мяркуеце, што людзі больш павераць грамадскаму палітычнаму дзеячу (менавіта так вы сябе апошнім часам называеце), чым людзям канкрэтнай справы?

– У дадзены момант я прыватны прадпрымальнік. Гэта дае пэўныя магчымасці зарабіць на жыццё, але, натуральна, найбольш мая актыўнасць і ўвага прысвечаны грамадскай і палітычнай дзейнасці.

Быў у маім жыцці перыяд, калі я працаваў у прыватным унітарным выдавецтве “Палард” намеснікам дырэктара, потым дырэктарам. Па першай адукацыі я інжынер-электрык, у 2000 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. У 2001-м выйграў досыць высокі конкурс на паступленне ў Інстытут дзяржаўнага кіравання Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Украіны, стаў адным з 10 беларускіх слухачоў праграмы. Гэта былі паўтара года дзённага навучання ў Львоўскім філіяле акадэміі. Дыплом абараняў на ўкраінскай мове. Атрымаў не толькі ступень магістра дзяржаўнага кіравання, але і вялікі досвед. Адукацыя ва Украіне пазбаўлена ідэалагічных надбудоў, якія прысутнічаюць у беларускіх адукацыйных праграмах і з якімі сутыкаюцца студэнты ўсіх нашых ВНУ. Ва Украіне вывучаў мясцовае кіраванне, дзяржаўнае кіраванне, усё, што звязана з пытаннямі еўраінтэграцыйных працэсаў. І калі я вярнуўся ў родны Белаазёрск, то меў уяўленне, як павінна грамадскасць супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі.

Я працаваў прадстаўніком па Брэсцкай вобласці ЗАТ "АНК Белроснефтехимресурс”. Але адначасова займаўся грамадскай дзейнасцю. Нягледзячы на тое, што Белаазёрск невялікі горад з насельніцтвам 13,5 тысячы, знайшлося шмат аднадумцаў, людзей неабыякавых да таго, што адбываецца ў горадзе. Мы стварылі Цэнтр рэгіянальнага супрацоўніцтва, праўда, арганізацыя не была зарэгістравана. Але гэта не перашкодзіла сабрацца ў адным месцы грамадскім актывістам розных накірункаў – эколагам, праваабаронцам, культуролагам, потым да нас далучыліся настаўнікі, інжынеры буйных гарадскіх прадпрыемстваў.

Не баяліся звальненняў?

– Не, на той момант мы супрацоўнічалі з мясцовай уладай. Як яна магла не ўхваліць, напрыклад, такую нашу ініцыятыву, як збор сродкаў для маламаёмасных сем’яў альбо правядзенне летніх лагераў для моладзі? Разам з мясцовай уладай і кіраўніцтвам буйных прадпрыемстваў рэалізоўвалі іншыя праекты, шмат займаліся пытаннямі экалогіі. Усё гэта стварыла падмурак для перамогі на выбарах у мясцовы Савет у 2003 годзе. Мы тады пайшлі на выбары камандай і здолелі ўзяць большасць у гарсавеце. Я стаў дэпутатам і намеснікам старшыні Белаазёрскага гарадскога Савета. Усё было добра, але нядоўга.

Чаму зараз балатуецеся па мінскай акрузе, а не ў родным Белаазёрску, дзе вас добра ведаюць?

– У Мінску я стала жыву і працую з 2007 года, і натуральна, што прасцей працаваць з выбаршчыкамі менавіта тут. А ў Белаазёрску я ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах 2004 года. Тады мая каманда сабрала 5 тысяч 800 подпісаў на тэрыторыі акругі, каб зарэгістравацца кандыдатам. Але ўлада добра вучыцца на сваіх памылках. Пасля нашага дэмакратычнага прарыву ў мясцовыя Саветы, на выбарах у Палату прадстаўнікоў шлагбаум быў апушчаны. Для мясцовай вертыкалі гэта было пытанне жыцця і смерці, і яны зрабілі ўсё, каб не паўтарыўся 2003 год. Мяне тады, зразумела, зарэгістравалі кандыдатам і далі другое месца. Напісалі выніковыя лічбы, якія адпавядалі сабраным подпісам. Гэта крыху больш за 12%. Але зразумела, што пытанне не ў працэнтах. А ў тым, што калі няма магчымасці пракантраляваць працэс, то працэнты могуць пісаць, якія захочуць.

11 верасня ў вас будзе магчымасць пракантраляваць падлік галасоў? Колькі вашых прадстаўнікоў трапілі ва ўчастковыя камісіі?

– Мы вылучалі 21 чалавека ў камісіі, уключылі толькі двух.

А колькі ўсіх камісій па вашай акрузе?

– 40. Палову мы маглі б ахапіць. Але, думаю, тут пытанне не ў колькасці прапанаваных людзей, а тое, як камісіі фарміруюцца. Улада ўсё роўна не прапусціць прадстаўнікоў незалежных структур лічыць галасы ў кожную камісію. Нават з тых двух нашых прадстаўнікоў, якія зацвердзілі, толькі адзін трапіў у склад камісіі паўнавартаснага ўчастка. Другі ж будзе працаваць у так званай камісіі-аднадзёнцы, якая ствараецца на закрытым участку – у амбулаторыі, дзе людзі галасуюць толькі ў дзень выбараў цягам двух-трох гадзін. Зразумела, што гэта не дазволіць цалкам мець уяўленне пра вынікі галасавання, таму мы робім акцэнт на моцнае назіранне. У планах – закрыць усе ўчасткі назіральнікамі, на кожным мець мінімум па 2–3 чалавекі, каб была магчымасць дзяжурыць пасменна і не пакідаць участак ні на хвіліну.

І што гэта дасць? Колькі ўжо было такіх моцных кампаній па назіранні за выбарамі, здаралася, што фальсіфікатараў літаральна хапалі за руку. Хоць раз вынікі галасавання былі перагледжаны? Дый што там вынікі – сам інцыдэнт дзе-небудзь разглядаўся?

– Відавочна, што ў сённяшняй сітуацыі, калі моцная прывязка да Расіі прывяла краіну да крызісу, Лукашэнка хоча, каб Захад заплаціў за нейкія дэмакратычныя змены ў Беларусі сваёй падтрымкай.

Да мінулага года крытэрыямі ацэнкі рэальных змен у Беларусі былі вызваленне палітвязняў і негалосная забарона на рэпрэсіўныя дзеянні адносна тых людзей, якія выходзяць на розныя акцыі і нават удзельнічаюць у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Улада вымушана абмяжоўвацца штрафамі і ўжо даўно нікога не кідаюць за краты. Крытэрыем гэтага года будзе сітуацыя вакол выбараў у парламент. І тыя заходнія палітыкі, якія наведваюць Беларусь, адкрыта гавораць, што хацелі б бачыць дэмакратызацыю на прыкладзе парламенцкіх выбараў, каб адбываліся змены ў практыцы іх правядзення. І пытанне нават стаіць не ў тым, ці патрапяць у парламент асобы, чые прозвішчы асацыіруюцца з беларускай апазіцыяй, а ў тым, наколькі адкрыта і празрыста будзе адбывацца працэс. Таму зараз мы назіраем адносную лібералізацыю – некаторыя прэтэндэнты збіралі подпісы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваны, улада нават ідзе на пэўную “мяккую беларусізацыю”.

Але натуральна, няма сумневу, што ўлада не захоча выпусціць працэс з-пад кантролю цалкам, асабліва на фоне эканамічнага крызісу, бо гэта можа прывесці да ламання існуючай сістэмы, якая выбудоўвалася больш за 20 гадоў. Рэйтынг улады нізкі. І калі б выбары прайшлі без адміністрацыйнага кантролю, то праўладных кандыдатаў у парламенце была б меншасць.

Адкуль такая ўпэўненасць?

– Падчас збору подпісаў даводзілася шмат размаўляць з людзьмі. Мы выкарыстоўвалі пікеты, хадзілі па кватэрах. Мяне нават здзівіў такі крытычна нізкі ўзровень даверу людзей да існуючай улады. Выбаршчыкі не вераць, што цяперашняя каманда здольная нешта змяніць. І гэта вельмі адчуваецца ў рэгіёнах. Людзі там больш актыўныя, больш хочуць перамен. Відавочна, гэта адбываецца таму, што эканамічны крызіс там адчуваецца вастрэй, заробкі на перыферыі малыя і ў людзей ужо не хапае запасу трываласці. Але Плошчы ніхто не хоча, і часта кажуць пра тое, што ўладу мяняць, можа, і не хацелі б, але было б добра, каб у парламент трапілі людзі з альтэрнатыўным меркаваннем. Магчыма, разам і ўдалося б вывесці краіну з тупіка.

Можа, увогуле не трэба было ісці на выбары? Вашым прыхільнікам не было б за каго галасаваць, і яны не прыйшлі б на ўчасткі, выбары, магчыма, не адбыліся б. І гэта стала б красамоўным сведчаннем недаверу народа да ўлады.

– Справа ў тым, што нашы прыхільнікі – гэта не войска. Яны не з’яўляюцца падначаленымі нейкіх палітыкаў альбо палітычных структур. Чалавека заўсёды трэба пераканаць, і пераконваць трэба ў рэжыме онлайн. Калі ты на некаторы перыяд узяў паўзу, знік з інфармацыйнай прасторы, не сустракаешся і не размаўляеш з людзьмі, то перастаеш для іх існаваць. Калі паглядзець на сёлетнія выбары, то мы бачым, што канкурэнцыя досыць высокая, на асобных акругах ёсць 6, а то і 10 прэтэндэнтаў. І людзям часам цяжка разабрацца, хто з іх ад улады, а хто ад апазіцыі. Бо і праўладныя прэтэндэнты гавораць сёння пра рэформы, разумеючы, што выключна на рыторыцы падтрымкі дзеючага рэжыму ім не перамагчы, патрэбна крытыка ўлады. І калі апазіцыя самаўхіліцца ад гэтага працэсу, то яна згубіць сваіх прыхільнікаў. Удзел у выбарчай кампаніі – гэта паўсядзённая праца, каб не згубіць тых, хто ёсць і атрымаць новых.

Юрась, скажыце шчыра: ваша перадвыбарная кампанія – гэта і кампанія напярэдадні справаздачна-выбарчай канферэнцыі руху “За Свабоду”, які адбудзецца ў кастрычніку? Рыхтуеце сябе на месца старшыні?

Гэта не ўзаемазвязаныя паміж сабою працэсы. Сапраўды, справаздачна-выбарчая канферэнцыя адбудзецца ў кастрычніку, тэрмін кіраўніцтва, у тым ліку і майго як намесніка, скончыцца. У нас чатырохгадовая кадэнцыя, апошні раз такое мерапрыемства мы праводзілі ў 2012 годзе.

Будуць выбары новага кіраўніцтва. Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова публічна заяўляў, што гатовы саступіць месца маладым. Больш за тое, усёй сваёй дзейнасцю у палітыцы Аляксандр Уладзіміравіч засведчыў, што ён не трымаецца за пасаду, асабліва, калі гэта не вядзе да еднасці і крокаў наперад. У прыклад можна прывесці і апошнія прэзідэнцкія выбары, калі Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся ў іх удзельнічаць, бо ўбачыў, што не будзе рэальнага аб’яднання, а значыць, і выніку. У сітуацыі з Рухам ён адзначае, што гатовы саступіць месца старшыні, і даўно ўжо аддаў досыць шырокія паўнамоцтвы сваёй камандзе. І таму мы падтрыхтаваны да таго, каб весць рух “За Свабоду” наперад. Думаю, што на канферэнцыі ў кастрычніку адбудзецца змена кіраўніцтва Руху, і я гатовы прэтэндаваць на пасаду старшыні.

Колькі сёння ў Руху сябраў?

– Як для грамадскай, наша арганізацыя досыць вялікая і жывая. На дадзены момант у нас каля 600 сябраў, многа моладзі – гэта вынік нашых шматгадовых праграм па адукацыі для моладзі. Мы не гонімся за колькасцю, для нас важна, каб тыя людзі, якія з намі, актыўна працавалі.

А як сям’я ставіцца да вашай дзейнасці? Жонка – ваша паплечніца ці проста жанчына, якая вас кахае і таму прымае любы ваш выбар?

– Спадзяюся, што і тое, і другое. Мы пазнаёміліся яшчэ ў студэнцкія гады на пасяджэнні ў Вярхоўным судзе падчас разгляду скаргі з нагоды нерэгістрацыі студэнцкага прафсаюза “Салідарнасць”. Я актыўна займаўся стварэннем гэтага прафсаюза, а Настасся прыйшла ў суд рыхтаваць матэрыл у газету “Рабочы”, дзе працавала. Мы аднадумцы, без яе падтрымкі я не зрабіў бы ў сваім жыцці таго, што зрабіў… У нас, дарэчы, ёсць дзве дачкі.

Юрась, вы ўяўляеце сябе ў Авальнай зале?

– Так, натуральна. Таму што маю для гэтага неабходную адукацыю. Увесь мой жыццёвы шлях – гэта змаганне за справядлівасць і перамены ў Беларусі. Я маю дэпутацкі досвед. Я ўпэўнены, што без новых людзей ва ўладзе Беларусь не дасягне прагрэсу, і ўся сённяшняя сітуацыя вымагае ад апазіцыі большай актыўнасці: быць прадстаўнікамі сваіх выбаршчыкаў, казаць іх голасам і змагацца за адстойванне іх інтарэсаў і іх правоў.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ

Крыніца: www.nv-online.info

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны