Навіны Навіны Беларусі

Юрый МЕЛЯШКЕВІЧ: Калі б барацьба была чэснай, шанцаў трапіць у парламент у незалежных кандыдатаў было б шмат

Юрый МЕЛЯШКЕВІЧ: Калі б барацьба была чэснай, шанцаў трапіць у парламент у незалежных кандыдатаў было б шмат

2101 прагляд Мінск
Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання 33-гадовы Юрый Меляшкевіч — сябра Партыі БНФ і каардынатар руху «За Свабоду» па Мінску. Ён будзе змагацца за месца ў Авальнай зале па Ясенінскай выбарчай акрузе Мінска № 100.

– Юрый, вы такі малады і вырашылі ісці ў дэпутаты. Навошта вам гэта?

– У Малінаўцы я спрабую балатавацца ў чацвёрты раз. Раней, праўда, удзельнічаў толькі ў мясцовых выбарах, стараўся паказаць сапраўднае аблічча беларускага выбарчага працэсу – наколькі ўсё несправядліва і непразрыста. З іншага боку, удзел у выбарчых кампаніях – гэта ўсё ж такі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з людзьмі, расказаць ім пра свае погляды, адчуць падтрымку...

– Калі выбары, як вы сцвярджаеце, фальсіфікуюцца, навошта вам марнаваць свой час, свае сілы, сваю энергію на такую, як падаецца, бессэнсоўную справу?

– Я не лічу, што справа гэта бессэнсоўная. Падчас сустрэч людзі нярэдка звярталіся да нас з праблемамі і шмат якія ўдавалася вырашаць – такім чынам, у нас з’яўляліся новыя прыхільнікі. Гэта ўзмацняе грамадзянскую супольнасць у Малінаўцы, узмацняе маю каманду, мае пазіцыі ў раёне.

Адна з мэт маёй сёлетняй кампаніі – знайсці менавіта неабыякавых людзей, якія не страцілі надзею на перамены. Расчараванне і апатыя, што гучаць з вуснаў многіх, жыццё наша не палепшаць.

Я з сям’і чарнобыльскіх перасяленцаў. Мая акруга – Малінаўка, дзе жыве многа такіх жа сямей, як наша, дзе людзі сабраны па прынцыпе зямляцтва. У нашым пад'ездзе жывуць перасяленцы са Слаўгарада, у суседнім – чачэрскія і г.д. У нас ёсць супольная праблема, мы ведаем, што такое наступствы Чарнобыля – які гэта страх, якія гэта хваробы! Мая сястра пацярпела ад аварыі, у яе была анкалогія. Я разумею, што людзі, якія жывуць у гэтым мікрараёне, могуць мяне падтрымаць яшчэ за тое, што ў нас аднолькавы з імі лёс, я родам са Слаўгарада…

Многія разумеюць, што будаўніцтва АЭС у Астраўцы – вялікая памылка. Што энергетычную бяспеку яна нам не гарантуе. Беларусь бярэ на сябе дадатковы цяжар крэдытаў, бярэ на сябе тэхналагічную залежнасць, бо ў нас шмат чаго няма… Спецыялісты, сістэма бяспекі – усё гэта будзе пастаўляцца і кантралявацца Расіяй. На мой погляд, вельмі важна, каб гэты праект спыніўся, каб нашы выдаткі аказаліся мінімальнымі. І, дарэчы, усё тое, што зараз адбываецца на будаўніцтве станцыі, гэта, мне здаецца, не што іншае, як наўмыснае зацягванне рэалізацыі праекта, які ў будучым і сапраўды можа спыніцца. Такіх прыкладаў, дарэчы, шмат у свеце.

– Подпісы лёгка збіраліся?

– Не скажу, што лёгка. Хаця мы шмат хадзілі па кватэрах – літаральна кожны дзень, як на працу, стаялі з пікетамі.

Што заўважыў: вельмі часта на выбар уплывала мова. Як толькі людзі чулі, што я размаўляю па-беларуску, ахвотна адкрывалі кватэры і ставілі подпісы. Многіх цікавіла, я кандыдат ад апазіцыі ці ад улады. Прызнаюся, часам з напружаннем думаў: а раптам адмовяць. Але звычайна людзі вельмі станоўча рэагавалі, мабыць, таму, што сёння мала давяраюць існуючай уладзе.

– Юрый, калі сёлетняя выбарчая кампанія ўжо чацвёртая для вас, то можна сказаць, што вы палітык са стажам…

– Так, палітыкай я пачаў займацца вельмі даўно, бо рос у актыўнай сям’і. Мой бацька і маці – настаўнікі; тата Віктар Меляшкевіч – адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. Ён вельмі паспяхова працаваў з мясцовымі жыхарамі, яго каманда мела большасць у гарсавеце, на ягоным прыкладзе я бачыў, што актыўная, настойлівая, штодзённая палітыка дае пэўныя поспехі.

Яшчэ са школьных і студэнцкіх часоў я ўдзельнічаў у розных акцыях. У 2006 годзе працаваў у мінскім гарадскім штабе кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, пасля чаго быў адлічаны з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Прыйшлося з’ехаць у Польшчу, дзе набываў адукацыю біяэколага ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце. Але потым я вярнуўся ў Мінск і ў 2007 годзе здаў на выдатна дзяржэкзамены і на выдатна абараніў дыплом у сваім універсітэце па спецыяльнасці “біяэкалогія”. Лічу, што ў нашых чыноўнікаў ад адукацыі, перш за ўсё маю на ўвазе рэктара тэхналагічнага ўніверсітэта, ёсць сумленне, цвёрдыя погляды. Бо калі пасля рэпрэсій і майго адлічэння ён паабяцаў аднавіць мяне ва ўніверсітэце, слова сваё стрымаў.

– Па спецыяльнасці працавалі? Я, напрыклад, вас больш ведаю як эксперта-эколага, чым як палітыка.

– Яшчэ ў часы студэнцкай практыкі я даведаўся, якія нізкія заробкі ў эколагаў. Займацца цікавай для мяне справай азначала не мець магчымасці карміць сям’ю. А я на той час ужо быў жанаты, у 2008 годзе нарадзіўся наш першынец – сын Станіслаў. Прыйшлося мяняць прафесію, спрабаваць сябе ў іншых сферах: хто хоча, то знойдзе, як зарабіць, галоўнае не баяцца спрабаваць. Працаваў інжынерам у будаўнічай кампаніі "БелХэн-І", менеджарам у IT-кампаніях. Была спроба адкрыць свой бізнес, які быў звязаны з вытворчасцю ветрагенератараў. Не атрымалася. А больш за тры гады таму стварыў турыстычную кампанію “Куфэрак падарожжаў”, і паспяхова там выконваю абавязкі дырэктара.

– Экалогія і турызм – рэчы не зусім узаемазвязаныя…

– Гэта бізнес. Я ўсё ж такі разумеў і ўяўляў, чым хачу і буду займацца. Па-першае, я люблю падарожнічаць па краіне. Нашы адносіны з жонкай Ганнай умацаваліся менавіта у вандроўках па Беларусі, якія ў сярэдзіне 2000-х ладзіла Таварыства аховы помнікаў пад кіраўніцтвам вядомага гісторыка Антона Астаповіча. Потым па нейкіх прычынах гэтыя вандроўкі спыніліся, і калі ў маім жыцці паўстала пытанне, чым займацца, я вырашыў паспрабаваць рабіць нешта падобнае. Мне падавалася, што гэты кірунак і з пункту гледжання запатрабаванасці, і з пункту гледжання прыбыткаў цікавы. Я не памыліўся.

– У Беларусі можна паспяхова сумяшчасць асноўную працу з палітычна-грамадскай дзейнасцю?

– Так, можна. Хаця, безумоўна, я разумею, што рызыка заўжды застаецца, улада пільна сочаць за тымі, хто не падзяляе яе палітыку, шмат у чым разыходзіцца ў поглядах на тое, што адбываецца ў краіне, мае сваю пазіцыю.

– Жонка не супраць вашага намеру стаць дэпутатам? Кампанію ладзіце за свае грошы?

– Яна лічыць, што ў кожнага чалавека ёсць права на самарэалізацыю. А грошы… Дзяржава сапраўды нічога не дае кандыдатам. Прыцягваць можна толькі ўласныя сродкі і ахвяраванні юрыдычных асоб, і зараз, дарэчы, адкрыты рахунак у банку. Ёсць яшчэ адзін рэсурс – паплечнікі, сябры, якія гатовы ахвяраваць сваім часам, збіраць за мяне подпісы, праводзіць агітацыю за маю кандыдатуру. У маёй ініцыятыўнай групе, дарэчы, амаль 40 чалавек.

З Ганнай мы пазнаёміліся яшчэ ў студэнцкія часы. Яна дыеттэхнолаг, але калі была ў дэкрэтным адпачынку (праз два гады пасля Станіслава ў нас нарадзілася дачушка Яніна) мела магчымасць вызначыцца, заставацца ёй у прафесіі ці спрабаваць сябе ў у чымсьці іншым. Ганна вырашыла, што хоча быць псіхатэрапеўтам. І тут ужо я, безумоўна, падтрымаў яе выбар. Ганна скончыла Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і зараз вучыцца на псіхатэрапеўта ў Маскоўскім інстытуце.

– А час на дзяцей ў вас ёсць? Як часта яны бачаць бацьку?

– Зараз, калі ідзе выбарчая кампанія і пачалася агітацыя, прызнаюся, малавата часу бавім разам. Хаця, калі падалі дакументы на рэгістрацыю мяне кандыдатам і атрымаўся перапынак, разам з сям’ёй на тыдзень махнулі на Нарач, паказаў дзецям прыгожыя беларускія мясціны.

Раніца – абавязкова мой час. Я заводжу дзяцей у школу і садок. Вечарам ходзім разам на стадыён, у выхадныя звычайна культурная праграма.

– Станіслаў наведвае беларускамоўную школу?

– Ён ходзіць у бліжэйшую да дома школу, яна рускамоўная. Скажу шчыра: гэта не было для нас прынцыповым пытаннем. Мы выбіралі не школу, а настаўніцу, да якой патрапіць наша дзіця.

Так, я ўвесь час размаўляю па-беларуску, жонка больш па-руску і дзеці па-руску. Такая наша рэальнасць. Можна, канешне, сканструяваць для дзяцей хлуслівую сітуацыю, ізаляваць іх ад рускамоўнага соцыума і сказаць ім:”Дзеці, наш свет – гэта толькі беларускамоўны свет!”. Але гэта будзе няпраўда. Насамрэч яны жывуць у свеце, дзе пануе руская мова, але яны ведаюць, што тата гаворыць прынцыпова па-беларуску, што для нашай сям’і беларускія каштоўнасці, беларуская культура на першым плане. Але ім трэба сацыялізавацца, сябраваць. Падрастуць – самі вырашаць, на якой мове ім размаўляць.

– Юрый, і апошняе пытанне: вы з якой праграмай звяртаецеся да выбаршчыкаў?

– З народнай. Яна распрацавана шэрагам палітычных партый і рухаў з удзелам вядомых у краіне экспертаў. Я сааўтар часткі матэрыялаў, прысвечаных экалогіі і энергетыцы. Гэта праграма задавальняе шырокі спектр палітычных суб’ектаў, і калі мы прыйдзем у парламент, у нас будзе згода шырокай кааліцыі на перамены.

Я лічу, што парламент – гэта месца, дзе павінна ісці дыскусія, дзе павінны гучаць розныя экспертныя меркаванні. На мой погляд, дэпутаты, якія прымаюць законы, павінны несці персанальную адказнасць за тое, што яны прапануюць і за што яны галасуюць. Сёння гэтага ў Беларусі няма.

Сёння выбаршчыкі разумеюць, што тыя, хто ідзе ў дэпутаты, як кажуць, ад улады нічога ў нашым жыцці мяняць не збіраюцца. Існуючая сістэма іх задавальняе, забяспечваючы добрым заробкам і годнай пенсіяй у будучым. Таму, калі б барацьба была чэснай, шанцаў трапіць у парламент у незалежных кандыдатаў было б шмат.

Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ

Крыніца: www.nv-online.info

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны