Навіны Навіны Беларусі

Ля ЦВК быў затрыманы сябра Руху «За Свабоду»

Ля ЦВК быў затрыманы сябра Руху «За Свабоду»

2191 прагляд Мінск
Па абвінавачванні ў здымках будынку ЦВК і дома Ураду на гадзіну быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі сябра Руху «За Свабоду» Зміцер Карэнка.

Да Карэнкі, а таксама сябраў Руху «За Свабоду» Аліны Нагорнай і Максіму Ціханаву пад час знаходжання на плошчы Незалежнасці падышлі міліцыянеры. Сяржант Весялоўскі патлумачыў, што іх выклікала служба бяспекі. «Напэўна, вы будынкі здымаеце», — сказаў ён.

«У нас у краіне будынкі такія як дом ураду, адміністрацыя прэзідэнта іх здымаць нельга. Іх здымаюць толькі, калі гэта трэба для навінаў», — сказаў супрацоўнік міліцыі.

Сяржант запатрабаваў спачатку пасведчанне журналіста ў Карэнкі, а потым дакументы. «У мяне ёсць падазрэнне, што вы здзяйсняеце адміністрацыйнае правапарушэнне», — тлумачыў міліцыянт.

У сваю чаргу Карэнка спрабаваў даведацца, на якой падставе ў яго патрабуюць дакументы. «Я патлумачыў супрацоўніку службы бяспекі, што камера проста стаяла ля будынку ЦВК, і здымкаў не было», — сказаў ён.

Перад затрыманнем сябра Руху «За Свабоду» сяржант Весялоўскі пазваніў у дзяржурную частку па кансультацыю. Па ягоных словах, ён не можа сказаць, ці не знаходзіцца ў росшуку Карэнка: «Вам трэба пачакаць. База падвісае».

Па словах Карэнкі, усё гэта працягвалася ля гадзіны на плошчы Незалежнасці, яго не дастаўлялі ў паструнак. Пашпарт ён свой так і не паказаў, міліцыянты правяралі яго па базе, засноўваючыся на ягоных словах.

«Супрацоўнікі праваахоўных органаў не разумеюць новай заканадаўчай сітуацыі, якая робіць любога стваральніка кантэнта журналістам. Гэта вядзе да патэнцыйнага канфлікта паміж тым, што есць „грамадскім“ і што ёсць „дзяржаўным“, — патлумачыў сайту Pyx.by Карэнка. — Што, тысячы ўласнікаў камер будуць адпраўляць нейкія запыты на здымкі дзяржаўных установаў?»

Ён прапанаваў, «калі ўрад хожа абмяжаваць здымкі чагосьці, рабіць гэта фізічна, праз нейкія прылады якія закрываюць будынкі».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Апошнія навіны