Навіны Навіны Руху

Антон Астаповіч заклікае спыніць руйнаванне будынку першай гарадской электрастанцыі

Антон Астаповіч заклікае спыніць руйнаванне будынку першай гарадской электрастанцыі

3467 Праглядаў Мінск
Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнуўся з адкрытым лістом да міністра Паўла Латушкі.

Пачаўся знос будынкаў першай мінскай электрастанцыі. Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся з адкрытым лістом да міністра культуры.

У мінулыя выходныя пачаўся знос помніка архітэктуры канца ХІХ ст. — комплексу будынкаў першай мінскай цеплаэлектрастанцыі. Праводзіць працы СТАА «Эліт Эстэйт». На гэтым месцы будзе збудаваны гатэльны комплекс «Кемпінскі», планы пра з’яўленне якога былі агучаныя яшчэ ў верасні 2009 г. Тады ў прэсе з’явілася інфармацыя пра магчымы знос помніка архітэктуры. Дзякуючы розгаласу разбурэнне станцыі ўдалося адцягнуць. У студзені 2010 г. Міністэрства культуры заявіла, што не выключае магчымасці захавання гістарычных будынкаў першай мінскай электрастанцыі і адаптацыю іх у будучы гатэльны комплекс. Тады Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры не знайшла прававога абгрунтавання для выключэння былой электрастанцыі з Дзяржспісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адначасова сябры Рады прызналі магчымым пабудову ў раёне цырка гатэльнага комплексу пры ўмове «рэканструкцыі з рэстаўрацыяй азначанага помніка, абмежаванняў па вышыні плануемых збудаванняў і выканання міжнародных рэгламентаў».

І вось праз год пачалося разбурэнне помніка архітэктуры, санкцыянаванае Міністэрствам культуры, як вынікае з адкрытага ліста старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча да міністра культуры. У ім ён абвінавачвае ведамства Паўла Латушкі ў незаконным дазволе на разбурэнне будынкаў былой станцыі, бо паводле закону такі дазвол можа выдаць толькі Савет міністраў.

І толькі ў выпадку, калі неабходнасць такіх дзеянняў «выклiканая правядзеннем мерапрыемстваў па лiквiдацыi вынiкаў стыхiйных бедстваў, катастроф, ваенных дзеянняў», — адзначае ў лісце да міністра Антон Астаповіч. Ён заклікае Паўла Латушку ануляваць рашэнне па зносе будынкаў станцыі і жорстка пакараць адказных за прыняцце незаконнага рашэння.

***

Комплекс будынкаў былой электрастанцыі з’яўляецца ўнікальным для Беларусі ўзорам прамысловай архітэктуры. Знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, адносіцца да 3-й катэгорыі матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Станцыя была пабудаваная ў 1895 годзе. Складалася з дзвюх паравых машын магутнасцю 50 i 100 конскiх сiл з трыма дынама-машынамi пастаяннага току напружаннем 120 вольт i токам 250 ампер кожная. Спачатку станцыя забяспечвала электрычнасцю цэнтральную частку горада. Побач са станцыяй быў збудаваны гатэль у стылі мадэрн, які не адно дзесяцігоддзе выкарыстоўваўся мінскім цыркам. Адзначым таксама, што будынкі першай сталічнай электрастанцыі былі ўлюбёнымі аб'ектамі творчасці мінскіх мастакоў-графікаў — А. Тычыны, А. Астаповіча, М. Друшчыца, П. Гуткоўскага ды інш.

Паводле Наша Ніва

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны