Навіны Аналітыка

Палітыка і лужына на мосце праз МКАД

Палітыка і лужына на мосце праз МКАД

1993 праглядаў Мінск
«Мяне не цікавіць палітыка», — гэтую фразу зараз часта чуюць ад нашых суграмадзян зборшчыкі подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.

Яе прамаўляюць або з гонарам, або з раздражненнем, або з поўнай абыякавасцю. Выглядае, што людзі атаясамліваюць палітыку з самаабвешчаным адзіным палітыкам у краіне, які пабудаваў тут кансалідаваны аўтарытарны рэжым. Палітолаг Віталь Сіліцкі бліскуча адлюстраваў вынікі такой «канфіскацыі» палітыкі ў беларусаў:

«Пасля рэферэндуму 1996 года ў Беларусі знікла палітыка як працэс здабыцця ўлады і карыстання ёю, які адбываецца ва ўмовах электаральнай альбо элітнай канкурэнцыі. У Беларусі з 1996 года палітыкай насамрэч займаецца толькі адзін чалавек — кіраўнік дзяржавы. Астатнія альбо спрабуюць здабыць вагары адміністрацыйнага ўплыву праз збольшага цырыманіяльныя палітычныя інстытуты (такія, як парламент і выбары), альбо спрабуюць выкарыстаць цырыманіял як сродак піяр-кампаніі. Аднак пасля кожнага электаральнага цыклу расклад сіл застаецца нязменны: палітыкай у беларускай дзяржаве і надалей займаецца адзін чалавек».

Ёсць іншае, больш шырокае разуменне палітыкі, з якога варта зыходзіць і якое трэба даводзіць нашым суграмадзянам, калі мы хочам мірных змен да лепшага. Палітыка — гэта не толькі барацьба за ўладу і яе ажыццяўленне. Палітыка — гэта працэс фармулявання і адстойвання інтарэсаў людзей. У гэтым сэнсе мы ўсе палітыкі: бо ў кожнага з нас ёсць свае інтарэсы і правы, мы ў большай ці меншай ступені гатовы іх бараніць, індывідуальна ці калектыўна. Палітыка — гэта скарга на дзеянні самага дробнага чыноўніка, палітыка — гэта супольныя намаганні бацькоў па абароне правоў сваіх дзяцей на лепшыя ўмовы навучання, палітыка — гэта подпіс за чыстую ваду ў мікрараёне ці супраць так любімага мясцовымі ўладамі «ўшчыльнення».

У Беларусі зараз ідзе нібыта выбарчая кампанія. Улады праз свае «рупары» кажуць пра магчымыя зрухі ў бок лібералізацыі і нават пра ўлік рэкамендацый АБСЕ. Не будзем наіўнымі, пакуль няма моцнага ціску знізу, ад грамадзян, рэжым не будзе праводзіць справядлівы падлік галасоў. Ён застанецца па-ранейшаму непразрыстым і на карысць кандыдатаў ад улады. «Цялятка як народзіцца з лысінкай, дык з лысінкай і памрэ», — кажуць у народзе. Лысінка рэжыму ў дадзеным выпадку — маніпуляцыі з бюлетэнямі, пра што шмат пісалася па завяршэнні кожнай выбарчай кампаніі.

Не выключана, такая ганебная практыка будзе выкарыстана ўладамі і сёлета. Скажаце: ці варта тады ўдзельнічаць у такіх выбарах? Я лічу, што варта. Асноўная мэта кампаніі — павялічыць бачнасць і прывабнасць дэмакратычных сіл, тых, хто сапраўды хоча змен. Сённяшнія ўлады завялі краіну ў тупік, многія людзі гэта адчуваюць. Але праблема ў тым, што яны пакуль не бачаць аніякай альтэрнатывы, нікому не вераць. Таму галоўная задача перад намі, дэмактывістамі — паказаць годную альтэрнатыву. Па-першае, гаварыць пра вострыя праблемы. Улады іх замоўчваюць, а калі і спрабуюць іх вырашаць, то вырашаюць не негуманнымі і непрыстойнымі спосабамі, якія толькі спрыяюць тым, хто пры той жа ўладзе. Давер да прадстаўнікоў новай палітычнай фармацыі будзе расці, калі яны прадэманструюць прафесійную кампетэнтнасць, рэальнымі дзеяннямі падмацуюць грамадзянскую пазіцыю. Не дарэмна Віталь Сіліцкі напісаў, што выбары — гэта, па сутнасці, магчымасць для кожнага прэтэндэнта на дэпутацкі мандат паднять свой імідж, сваю папулярнасць. Напрыклад, калі на мосце праз МКАД у Сухараве перастане стаяць лужына пасля дажджу, а людзі спакойна будуць па ім хадзіць, а не скакаць ад парэнчы да парэнчы, то добрым словам узгадаюць тых, хто навёў парадак у гэтым месцы.

У апошнія гады я пастаянна чую пра байкот выбараў. Пра тое, што нельга нічога дамагчыся, трэба сядзець і чакаць. Чаго чакаць? З мора — добрага надвор’я? Дык такога не бывае. Дзейнічаць трэба, дзейнічаць! Ісці да людзей і гаварыць з імі на іх мове. Гаварыць пра тое, што іх сёння хвалюе, з-за чаго яны дрэнна спяць. І дапамагаць ім ва ўсім, у чым толькі можна.

Я асабіста даўно зразумеў: нам, дэмакратычным актывістам, варта выйсці са сваіх палітычных рэзервацый і поўнасцю адкрыцца перад выбаршчыкамі. Шчыра распавесці пра сябе, заклікаць людзей далучыцца да актыўных дзеянняў. А з боку тых, хто за байкот, бачу толькі сваркі і згубленае сяброўства. Таму я — за яднанне, і нам трэба выкарыстаць любую магчымасць, каб гэтага дасягнуць.

Аўтар: Алесь Лагвінец

Крыніца: www.nv-online.info

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны