Навіны Навіны Беларусі

Рух «За Свабоду» патрабуе сфарміраваць наноў выбаркамы Брэсцкай вобласці

Рух «За Свабоду» патрабуе сфарміраваць наноў выбаркамы Брэсцкай вобласці

2232 праглядаў Брэст
Пры фармаванні трох выбаркамаў Брэсцкай вобласці не былі ўлічаныя прапанаваныя кандыдатуры ад Руху «За Свабоду», хаця дакументы прыйшлі своечасова. Арганізацыя звярнулася 29 чэрвеня ў суд і патрабуе адмяніць вынікі фармавання камісіяў.

«Лічым, што палітычныя правы членаў ПАГА „Рух „За Свабоду““ былі парушаныя, — сказана ў скарзе. — У прыватнасці, права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных справаў праз свабодна абраных прадстаўнікоў і права галасаваць на сапраўдных перыядычных выбарах».

Гэта, сказана ў дакуменце, былі дапушчана ў выніку фармавання з грубым парушэннем закону Брэсцкага абласнога і акруговых выканкамаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Храналогія, апісаная ў скарзе, выглядае наступным чынам: 19 чэрвеня Рух «За Свабоду» прыняў рашэнне вылучыць двух чалавек у брэсцкія і аднаго ў баранавіцкі выканкам, 22 чэрвеня дакументы былі дасланыя, а 24 атрыманыя, згодна з дадзенымі сайта «Белпошты» і паведамленнем пра ўручэнне. 27 чэрвеня гэтыя дакументы не былі зачытаныя і разгледжаныя пад час фармавання камісіяў.

Рух «За Свабоду» патрабуе прызнаць рашэнне аб фармаванні камісій неправамоцным, што ўшчамляе грамадзянскія правы сябраў арганізацыі, «адмяніць рашэнне Брэсцкага аблвыканкаму і Прэзідыуму Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 27 чэрвеня 2016 года № 116/469 „Аб утварэнні Брэсцкай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання“», а таксама рашэнне пра ўтварэнні Брэсцкай-заходняй акруговай №1 выбарчай камісіі і Баранавіцкай заходняй №5.

«Патрабуем абавязаць Брэсцкі аблвыканкам і Прэзідыум Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ліквідаваць парушэнні, а менавіта паўторна правесці сумеснае пасяджэнне... і сфармаваць Брэсцкую абласную выбарчую камісію, Брэсцкую-заходнюю акруговую №1 выбарчую камісію і Баранавіцкую заходнюю №5 шляхам сапраўднага абмеркавання ўсіх кандыдатураў», — падкрэслена ў заяве.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны