Навіны Навіны Беларусі

Два прадстаўнікі Руху «За Свабоду» трапілі ў выбаркамы

Два прадстаўнікі Руху «За Свабоду» трапілі ў выбаркамы

3167 Праглядаў Мінск Віцебск Брэст
Рух «За Свабоду» вылучыў у тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы 48 прадстаўнікоў, чыноўнікі зацвердзілі толькі двух з іх, абодвух з Віцебскай вобласці. Улады правалілі першы іспыт, кажа першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Мінск

На сумесным пасяджэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту і савета дэпутатаў спіс з 21 чалавек, якіх вылучыў у склад абласной і акруговых камісій Рух «За Свабоду», нават не сталі разглядаць.

Чыноўнікі выкарысталі для гэтага фармальную прычыну: апіску, якую знайшлі ў пратаколах.

«На пратаколах адсутнічае назва кіруючага органа арганізацыі. У сувязі з гэтым, не прадстаўляецца магчымым вызначыць правамоцнасць пратаколу», — сказаў чыноўнік.

Па фармальных прыкметах можна сказаць, што ўлады не планавалі разглядаць прадстаўнікоў Руху «За Свабоду» ад самага пачатку: калі іншых кандыдатаў запрашалі на суразмоўе, то ніхто з нашых кандыдатаў такога запрашэння не атрымаў.

«Наменклатура ў сваім звычайным рэжыме: усё вырашаецца сваім ‘райкомам’. Ім трэба статысты. Упэўнены, як высокакваліфікаваны юрыст, праваабаронца ды сумленны чалавек Тамара Сідарэнка адназначна павінна была б быць не толькі ў складзе, але і узначальваць не толькі акруговую, але і Цэнтральную выбарчую камісію», — пракаментаваў сайту Pyx.by сітуацыю з адмовай па 101 акрузе намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.

Па ягоных словах, «рэжыму не трэба справядлівыя і празрыстыя працэдуры». «Яму вельмі не хочацца, каб галасы беларусаў лічылі», — заключыў Лагвінец.

Мінская вобласць

Пратаколы Руху на паседжанні па Мінскай вобласці разглядалі ў рабочым парадку. Аднак ніхто ўключаны не быў.

«У Мінскую абласную уключылі прадстаўніка БСДП „Грамада“. Накіраванцам ад Руха „За Свабоду“, Партыі БНФ і, нават, ЛДПБ месца не знайшлося», — адзначыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які прысутнічаў на пасяджэнні.

Віцебская вобласць: 2 рухаўца ў камісіях

«Ад Руху „За Свабоду“ мы вылучалі прадстаўнікоў на ўсе акругі Віцебскай вобласці, плюс у абласную камісію», — сказаў Pyx.by сябра Руху «За Свабоду» Аляксей Гаўруцікаў.

Па ягоных словах, прапусцілі двух: Георгія Станкевіча па Лепельскай акрузе № 23 і Міхаіла Гіля па Пастаўскай акрузе № 29.

Гаўруцікаў адзначыў, што яму далі выступіць у абарону вылучэнцаў, але фактычна не ўлічылі інфармацыю. Напрыклад, адкінулі кандыдатуру Юрыя Нагорнага, які быў старшынём Бараньскага гарвыканкаму, Леаніда Гаравога, у якога вялікі досвед назірання і ён быў дэпутатам, а таксама і яго самога (Гаўруцікава), не ўлічыўшы юрыдычную адукацыю, таго, што ён быў дэпутатам і сябрам участковай камісіі.

«Прайшло ўсё як заўсёды, — адзначыў Гаўруцікаў. — 1-2 чалавека дали апазіцыі. Гэта гульня такая».

Па ягоных словах, па Віцебскай вобласці ў Руху «За Свабоду» найбольшая колькасць прадстаўнікоў у камісіях, бо «Справядлівы свет» і Партыя БНФ атрымалі па 1 месцу.

Брэст: пратаколы Руху проста не разглядалі

Найбольш незразумелая сітуацыя склалася ў Брэсце, дзе пратаколы Руху «За Свабоду» увогуле не разглядаліся. Нашая арганізацыя плануе раследваць гэтую справу і па выніках, магчыма звярнуцца ў суд.

Губарэвіч: улады правалілі іспыт

«Гэта быў першы іспыт для ўладаў. І гэты іспыт быў завалены. Нягледзячы на ліберальную рыторыку пра змены ў працэсе выбараў і большую галоснасць і адкрытасць, падыход не змяніўся. Чыноўнікі галасавалі паводле загадзя складзенага спісу. Праўладным арганізацыям — БРСМу і «Белай Русі» — было «зялёнае святло, а для незалежных месца не знайшлося», — сказаў Pyx.by Юрась Губарэвіч.

Па ягоным меркаванні, улады плануюць дзейнічаць па ранейшым сцэнарыю, калі патрэбныя ім вынікі дасягаюць шляхам фальсіфікацый. «І ў парламент трапляюць не тыя людзі, якія маюць рэальную грамадскую падтрымку, — адзначыў першы намеснік старшыні Руху „За Свабоду“. — Ва ўмовах крызісу зараз для ўладаў існуе рэальная небяспека пусціць выбары на самацёк, пакінуць іх без кантролю, а ва ўмовах свабодных і справядлівых выбараў ўлада рызыкуе не толькі прапусціць у парламент некалькіх апазіцыянераў, але і страціць „кантрольны пакет“».

Па словах Губарэвіча, «каб вылучэнцы руху не патрапілі ў склад выбаркамаў, улады ішлі на розныя хітрыкі».

«Напрыклад, у Мінгарвыканкаме адмовіліся разглядаць 21 вылучэнцаў Руху, матывуючы гэта фармальнай прычынай, абдрукоўкай, якая не стала перашкодай у іншых выканкамах», — падкрэсліў першы намеснік.

Улады пабаяліся моцнага спісу, які прадставіў Рух у Мінску, патлумачыў гэтае рашэнне Губарэвіч: сярод вылучэнцаў быў і старшыня арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч, людзі з юрыдычнай адукацыяй, досведам у розных выбарчых кампаніях.

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны