Навіны Навіны Руху

«Беларусы мусяць прадэманстраваць непрыняцце філасофіі «чаркі і шкваркі»

«Беларусы мусяць прадэманстраваць непрыняцце філасофіі «чаркі і шкваркі»

3448 Праглядаў Мінск
Кіраўніцтва Руху «За Свабоду» зрабіла заяву з нагоды прысудаў удзельнікам Плошчы, абвешчаных 2 сакавіка судом Фрунзенскага раёна Мінска.

На думку кіраўніцтва Руху «За Свабоду», неаб’ектыўнасць разгляду справаў і неадэкватнасць прысудаў сведчаць пра палітычную заангажаванасць судовай сістэмы і робіць немагчымым развіццё нармальных адносінаў Беларусі з цывілізаваным светам. Кіраўніцтва Руху заяўляе пра поўную салідарнасць з тымі, каго пераследуюць за мірны ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.

Беларусы мусяць пераадолець навязаны ўладамі страх і праз маштабныя акцыі салідарнасці, яднанне грамадства вакол каштоўнасцяў і асабістае адмаўленне аўтарытарызму прадэманстраваць свету, што для іх непрымальная прымітыўная спажывецкая філасофія «чаркі і скваркі», што яны здольныя бараніць сваю годнасць і маюць права быць паўнавартасным чальцом агульнаеўрапейскай сям’і.

Кіраўніцтва Руху «За Свабоду» пераканана, што ўвага ЕЗ, Злучаных Штатаў і іншых дэмакратычных краін да Беларусі працягне быць пільнай і неаслабнай. Паляпшэнне стасункаў з цывілізаванымі краінамі свету, якое з’яўляецца неад’емнай умовай захавання і ўмацавання незалежнасці Беларусі, немагчымае без вызвалення ўсіх вязняў сумлення і гарантый спынення палітычных рэпрэсій. Таму Рух будзе выкарыстоўваць усе шляхі, каб дамагчыся гэтага.

Нагадаем, Фрунзенскі раённы суд 2 сакавіка пакараў удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня Аляксандра Атрошчанкава, Дзмітрыя Новіка, Аляксандра Малчанава адпаведна чатырма, трыма з паловай і трыма гадамі калоніі строгага рэжыму. Раней, 17 лютага гэты ж суд абвясціў вырак для Васіля Парфянкова — чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Праваабаронцы ўпэўнены, што прысуды палітычна матываваныя.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны