Навіны Навіны Руху

У Браціславе будуць гаварыць пра Беларусь

У Браціславе будуць гаварыць пра Беларусь

2737 Праглядаў Браціслава
Сёння ў Браціславе пачынаецца сустрэча міністраў замежных спраў краін Вышаградзкай групы — Польшчы, Славакіі, Чэхіі і Вугоршчыны. Спэцыяльнае запрашэньне на яе атрымаў лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

Таксама ў Браціславе 2-4 сакавіка адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя па бясьпецы «Globsec-2011». Яе ўдзельнікі абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі.

Абмяркоўваць беларускую сытуацыю на «Globsec-2011» будуць у фармаце слуханьняў пад назовам «Беларусь пасьля выбараў: ці спрацуюць санкцыі?». Аляксандар Мілінкевіч у размове з радыё «Свабода» напярэдадні вылету ў Браціславу асабліва адзначыў: гэта канфэрэнцыя выходзіць далёка за межы падобных мерапрыемстваў:

«Там будуць міністры замежных спраў выступаць, эўракамісар Фюле, многа экспэртаў, аналітыкаў. Гэта вельмі сур’ёзная канфэрэнцыя, якая шмат у чым вырашае, што будзе рэалізавацца адносна Беларусі ў палітыцы Эўразьвязу».

Зацікаўленасьць лёсам Беларусі у краін Вышаградзкай групы праявілася на юбілейным саміце гэтага міждзяржаўнага аб`яднаньня. Яны 15 лютага прынялі зварот да беларускіх уладаў. У дакумэнце ўтрымліваецца заклік вызваліць палітзьняволеных, спыніць перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі і апазыцыі, стварыць умовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч упэўнены: і гэтым разам чальцы Вышаградзкай групы зоймуць адзіную пазыцыю, тым больш, што яны ўсе ўваходзяць у Эўразьвяз:

«Я думаю, у дачыненьні да Беларусі пазыцыя ва ўсіх краін Эўразьвязу ідэнтычная. Гэта ва „Усходнім партнэрстве“ не ўсе краіны на аднолькавых пазыцыях. А што тычыцца краін Эўразьвязу, то я тут не бачу розьніцы».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што Вышаградзкая група будзе прытрымлівацца агульных для Эўразьвязу падыходаў да Беларусі:

«І безумоўна, аніякіх іншых ацэнак, чым тыя, якія сёньня дае Брусэль афіцыйнаму Менску, быць тут ня можа. Больш таго, сябры Вышаградзкай групы ставяцца жа Беларусі больш жорстка, чым некаторыя сябры Эўразьвязу. Я маю на ўвазе, напрыклад, Італію альбо Партугалію. А імкнуцца яны гэтай рэгіянальнай групоўкай гаварыць адным голасам».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны