Навіны Навіны Беларусі

Аргкам «Чарнобыльскага шляху» адмовіўся падпісваць дамову з міліцыяй

Аргкам «Чарнобыльскага шляху» адмовіўся падпісваць дамову з міліцыяй

4174 праглядаў Мінск
Перамовы з міліцыяй наконт «Чарнобыльскага шляху» правёў сёння сябра аргкаму, кіраўнік мінскай арганізацыі Руху «За Свабоду» Юры Меляшкевіч. Згодна з рашэннем камітэту, ён адмовіўся падпісываць дамову на ахову правапарадку міліцыяй, акрамя таго была дасягнутая дамова пра тое, што не будуць ставіць агароджу на месцы мітынгу ля Чарнобыльскай капліцы.

«У 10 гадзінаў адбылася сустрэча у УВД, у кабінеце кіраўніка мінскай міліцыі генерал-маёра Аляксандра Барсукова, на якой мы ўзгаднілі арганізацыйныя пытанні на „Чарнобыльскім шляху“ па руху калоны і працы міліцыі», — распавёў сайту Pyx.by Юры Меляшкевіч.

Кіраўнік мінскага Руху «За Свабоду» адзначыў, што прадставіў у міліцыі рашэнне аргкаму, які прыняў рашэнне не падпісваць дамову на ахову правапарадку.

«Міліцыя ўсё роўна не выконвае абавязкі па гэтай дамове, — патлумачыў Меляшкевіч, — прыцягвае да адказнасці невінаватых, неабгрунтавана затрымлівае ўдзельнікаў акцыі. Таму я не бачу сэнсу падпісваць гэтую дамову».

Па ягоных словах, міліцыя хацела атрымаць з арганізатараў «Чарнобыльскага шляху» 35,55 млн рублёў.

«У адказ мне сказалі, што калі мы не аплацім суму, то яны могуць спагнаць яе з нас іншымі спосабамі за невыкананне закону „Аб масавых мерапрыемствах“. Я сказаў, што мы нясём адказнасць за арганізацыю акцыі, мы падпісалі заяўку ў выканкам», — патлумачыў Меляшкевіч.

У астатнім, адзначыў сябра аргкаму, сустрэча прайшла канструктыўна: яны дамовіліся больш дакладна пра маршрут руху калоны (па левым баку праспекта Незалежнасці да перакрыжавання з Сурганава, потым пасля перасячэння вуліцы Бяды па правым баку вуліцы і да плошчы Бангалор, а потым да Чарнобыльскай капліцы).

«Мы дасягнулі дамовы, што на месцы правядзення мітынгу не будуць выстаўляцца турнікеты і рамкі. Толькі для мінакоў будзе невялікая адгароджа, каб не ствараць ім перашкодаў», — патлумачыў Меляшкевіч.

Па ягоных словах, агулам, Барсукоў вёў канструктыўную размову, бо сам ліквідатар і ездзіў у 1986-87 годзе ў чарнобыльскую зону. Але пры гэтым, Меляшкевіч дадаў, што лічыць ціскам на сябе заяву начальніка мінскай міліцыі пра тое, што грошы будуць спагнаныя тым ці іншым чынам.

«Ён хацеў скласці на мяне пратакол пра парушэнне прама на месцы, але я сказаў, што факта парушэння пакуль няма, і тэма была закрытая. Калі я сказаў пра ціск на сябе, то генерал Барсукоў адзначыў, што гэта толькі ягонае пажаданне», — патлумачыў Юрась Меляшкевіч.

Ён лічыць, што неабходнасць падпісваць дамову з міліцыяй — абсалютна не правамерная.

«У адпаведнасці з заяўкай, якую мы падпісалі, мы ўсё роўна павінны несці адказнасць за забеспячэнне правапарадку пад час акцыі. Калі дамова не забяспечвае перадачу міліцыі функцыяў, то навошта яе падпісваць? Навошта плаціць за паслугу, якая не аблягчае нашую працу? Мы плацім падаткі, акцызы і зборы і нічога дадатковага міліцыя з нас, грамадзянаў, не павінна атрымліваць», — заключыў сябра аргкаму па падрыхтоўцы «Чарнобыльскага шляху».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
  • #84 25.04.2016 17:26 @ Ales'

    Не веру што калі лукашысты альбо камуністы праводзяць свае акцыі -міліцыянты бяруць з іх грошы ! Малайчына Юрась што адмовіўся паднісаць дамову !

  • #85 26.04.2016 14:57 @ Арцём

    Мабыць, у апошнім абзацы маецца на ўвазе ПАСЛУГА, а не ПАПРУГА )

Чарнобыльскі шлях

Апошнія навіны