Навіны Навіны Беларусі

Створаны жаночы правацэнтрысцкі форум

Створаны жаночы правацэнтрысцкі форум

2285 Праглядаў Мінск
Прадстаўніцы Руху «За Свабоду», Партыі АГП і аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД сёння абвесцілі пра стварэнне жаночага правацэнтрысцкага форуму.

Мэта аб’яднання — сумесная дзейнасць па прасоўванні прынцыпаў гендэрнай роўнасці, актывізацыі жанчынаў праз каардынацыю палітычных і сацыяльных кампаніяў, адзначылі арганізатары.

Мы лічым, што кансалідацыя жанчынаў — вельмі важная ў нашай краіне, дзе правы жанчынаў парушаюцца на ўсіх узроўнях, адзначыла ініцыятар стварэння форуму, намесніца старшыні Руху «За Свабоду» Галіна Скараход.

Па яе словах, бліжэйшая кампанія, дзе плануе праявіць сябе форум — парламенцкая, яны збіраюцца аказаць падтрымку жанчынам-кандыдатам ад правацэнтрыстаў. Іх у агульным спісе 29%.

«Вопыт сумеснай дзейнасці ўжо ёсць, — адзначыла прадстаўніца партыі АГП Антаніна Кавалёва. — Кампанія „Жанчыны супраць фальсіфікацыяў“ была распачатая па ініцыятыве Руху „За Свабоду“ і АГП яшчэ ў 2012 годзе. Пазней да нас далучыліся прадстаўніцы партый БНФ, БХД, БСДП (Грамада), „Справядлівы свет“».

«Мы плануем падтрымаць жанчынаў-кандыдатаў, будзем працаваць у межах кампаніі «Жанчыны супраць фальсіфікацыяў, у асноўным на тых акругах, дзе будуць балатавацца жанчыны-кандыдаты», — адзначыла прадстаўніца аргкаму па стварэнню БХД Вольга Кавалькова.

Па яе словах, яны запланавалі далейшую супрацу ў межах кампаніі жаночага лідарства: стварэнне цэнтраў, якія будуць дзейнічаць стала, дапамагаць жанчынам, праводзіць адукацыйныя праграмы. Акрамя таго, ёсць планы правядзення канферэнцыі ў межах жаночага форуму.

Прадстаўніцы форуму кажуць, што адкрытыя для супрацы і з іншымі арганізацыямі і партыямі. «Мы вялі перамовы пра далучэнне з Партыяй БНФ, запрашалі іх на свае пасяджэнні, — адзначыла Галіна Скараход. — Але прадстаўніцы партыі мусяць выконваць рашэнне партыі пра прыпыненне ўдзелу ў кааліцыях».

Аўтар: Вольга Быкоўская

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Парламенцкія выбары-2016

Апошнія навіны