Навіны Навіны Беларусі

Сыплюцца штрафы за мітынгі

Сыплюцца штрафы за мітынгі

3184 праглядаў Мінск
Беларускія суды працягваюць вызначаць паседжаньні ўдзельнікам «несанкцыянаваных мітынгаў». У апошні час пратаколы масава атрымліваюць удзельнікі пратэстаў прадпрымальнікаў і Дня Волі.

Позвы ў суд атрымалі ўжо Рыгор Кастусёў з БНФ, паэт і грамадзкі актывіст Уладзімер Някляеў, лідар АГП Анатоль Лябедзька, былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікола Статкевіч і іншыя.

У сераду 19 красавіка стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол таксама на аднаго з арганізатараў акцыі на Дзень Волі, намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца. Суд адбудзецца 28 красавіка.

«Безумоўна, я не адчуваю сябе вінаватым. Я рэалізаваў сваё права грамадзяніна Беларусі на ўдзел у мірных сходах» — сказаў нам Алесь Лагвінец.

Наста Лойка з праваабарончага цэнтра «Вясна» зазначае, што дакладная статыстыка аб пратаколах, складзеных паводле арт. 10 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах», дакладна невядомыя, і тым ня менш яна асабіста ведае як мінімум 40 такіх асоб у адным толькі Менску.

Н.Лойка: Мы спрабуем намовіць людзей, каб яны нам паведамлялі, калі іх выклікалі ў РАУСы, прыслалі пратаколы, пакуль яшчэ няма запрашэньня на самі суды. Да нас прыходзіла частковая інфармацыя. Лічба можа быць большай, бо дакладную статыстыку мы не падлічвалі.

Менгарвыканкам дазволіў шэсьце на Дзень Волі, хаця вызначыў свой маршрут: ад кінатэатра «Кастрычнік» па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалёр. Удзельнікі спачатку ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу й калёнай у 600 чалавек прайшлі па праспэкце Незалежнасьці на дазволенае месца да кінатэатра «Кастрычнік». А супрацоўнікі міліцыі так складаюць пратаколы, каб усё роўна пакараць удзельнікаў, кажа Лойка.

Н.Лойка: Частку людзей абвінавачваюць у тым, што яны ўдзельнічалі ў шэсьці несанкцыянаванай часткі ад Купалаўскага сквэра да афіцыйнага месца збора пад кінатэатрам «Кастрычнік», але нам ужо вядомыя два пратаколы на прадпрымальніка Шумчанку й на актывіста Мікалая Коласа, якіх абвінавачваюць у тым, што яны прысутнічалі на мітынгу пад кінатэатрам «Кастрычнік», дзе было дазволенае месца збору. Усё, што адбывалася пад кінатэатрам, міліцыянты расцанілі як мітынг, а па заяўцы гэта было месца збору. То бок, службы зьбіраюцца такім чынам прыцягваць да адказнасьці ня толькі тых людзей, якія ішлі несанкцыянаванай часткай маршрута ад Купалаўскага сквэра да кінатэатра «Кастрычнік», але таксама й тых, хто быў на месцы збору й выпадкова апынуўся на «мітынгу», на які не было дазволу.

Праваабаронца Наста Лойка адзначае, што судзьдзям хутчэй за ўсё выдадзены загад папаўняць дзяржбюджэт штрафамі.

Н.Лойка: Відавочна, у іх ёсьць устаноўка максымальна штрафаваць і папаўняць дзяржбюджэт. У іх ёсьць дазвол наконт таго, каб частку зусім кепскіх дакумэнтаў накіроўваць на дапрацоўку. Аднак абсалютна забаронена апраўдваць і абсалютна забаронена даваць адміністрацыйныя арышты, нават тым, што ахвочы. У нейкіх неафіцыйных размовах судзьдзя часам кажа: «Так, мы разумеем, што вы робіце нармальныя справы й што гэта нічога кепскага». Але гэта нейкія выключэньні, гэта добры настрой і добрае стаўленьне нейкага судзьдзі да канкрэтнага чалавека. Уся сыстэма разумее абсурднасьць гэтай працэдуры. Гэтыя ж судзьдзі яшчэ паўгоду таму за такія дзеяньні накіроўвалі на арышты, а зараз яны проста даюць штрафы, таму што ім так загадалі зьверху.

яс

Крыніца: www.radyjo.net

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Дзень Волі

Апошнія навіны