Навіны Беларусь і Свет

Беларусь могуць запрасіць на Парлямэнцкую канфэрэнцыю краінаў Балтыйскага мора

Беларусь могуць запрасіць на Парлямэнцкую канфэрэнцыю краінаў Балтыйскага мора

1661 прагляд Мінск
Парлямэнцкая канфэрэнцыя краін Балтыйскага мора (ПКБМ) можа надаць Беларусі статус назіральніка, заявіў журналістам старшыня канфэрэнцыі Яніс Вуцанс, які з 12 па 14 красавіка знаходзіцца ў Менску.

«Мінулай восеньню мы пачалі разглядаць гэтае пытаньне, а сёлета вырашылі зрабіць візыт у Менск, каб на свае вочы паглядзець, што тут адбываецца. Тут мы з калегамі хочам задаць свае пытаньні, паслухаць беларускі бок. Мы гатовыя супрацоўнічаць зь Беларусьсю найперш у пытаньнях экалёгіі, адукацыі і навукі», сказаў Вуцанс.

Балтыйская дэлегацыя ўжо сустракалася з групай чальцоў Нацыянальнага сходу Беларусі, некаторымі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі. Сярод іх і адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«На гэтым прыкладзе мы бачым, што Эўропа пачала актыўны працэс размоваў з рознымі роўнямі ўлады ў Беларусі», — камэнтуе сытуацыю намесьнік старшыні руху «За свабоду», палітоляг Алесь Лагвінец:

«І тут абысьці Нацыянальны сход немагчыма. Зважаючы на тое, што агульнаэўрапейскія арганізацыі, кшталту Рады Эўропы, яшчэ не зрабілі падобных прапановаў, такія абяцаньні варта разглядаць як спробу эўрапейцаў уцягнуць беларускія ўлады ў працэс абмеркаваньня. І яшчэ раз нагадаць, што поўнафарматны ўдзел у эўрапейскіх арганізацыях будзе залежаць ад дэмакратычнасьці сёлетніх парлямэнцкіх выбараў.

І яшчэ ёсьць бюракратычны бок справы. Любая міжнародная структура, якая мае свой прынцып фармаваньня, хоча супрацоўнічаць з тымі, хто мае, няхай і фармальна, гэткі самы прынцып. У Беларусі фармальна нібыта выбіраюць дэпутатаў. І таму Парлямэнцкай канфэрэнцыі краін Балтыйскага мора хочацца супрацоўнічаць з дэпутатамі».

ПКБМ была заснаваная ў 1991 годзе. Статус сталага ўдзельніка ў ёй маюць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія, а таксама пяць міжпарлямэнцкіх арганізацыяў. Статусам назіральніка валодаюць каля 30 арганізацыяў.

Уладзімер Глод

Крыніца: www.svaboda.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны