Навіны Навіны Беларусі

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць»: Ня бойцеся, не застанецеся самі

Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць»: Ня бойцеся, не застанецеся самі

5187 Праглядаў
28 лютага заканчваецца пазачарговы набор студэнтаў па праграме імя Кастуся Каліноўскага. Ён быў спэцыяльна абвешчаны ўрадам Польшчы для тых беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня 2010 году. Салідарная Польшча вылучыла сёлета 150 стыпэндый для студэнтаў, 50 стыпэндый для дактарантаў і 10 навуковых стыпэндый для выкладчыкаў ВНУ.

Старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей распавяла ў інтэрвью радыё «Свабода» пра тое, як прайшоў гэты апошні пазачарговы набор у праграму Каліноўскага, які заканчваецца 28 лютага:

— Лепш бы яго не было. Таму што набіраць на акадэмічны год значна прыемней, хоць яны — таксама рэпрэсаваныя студэнты. Але цяпер гэта пазачарговы набор і ён здарыўся пасьля 19 сьнежня, пасьля таго, як студэнты былі проста адлічаныя з унівэрсытэтаў.

— Колькі кандыдатаў на гэты момант?

— Пад 30 чалавек. Гэта тыя, хто быў выключаныя ў пэрыяд перадвыбарчай кампаніі, і 11 студэнтаў, якія на сёньня маюць на руках дакумэнт аб адлічэньні. І у нас пад прыглядам, як мы гаворым, каля 70 чалавек, якія пад пытаньнем — якіх папярэдзілі, што яны могуць быць адлічаныя.

— Як бы вы якасна ацанілі прайшоўшыя чатыры гады існаваньня праграмы Каліноўскага? Якія колькасныя і якасныя вынікі?

— 100-адсоткавая магчымасьць працягу адукацыі для выключанага студэнта. І ня толькі ў Польшчы, але ў іншых краінах Эўразьвязу. Зноў-такі, прыемней было б вучыцца на радзіме, але студэнты маюць магчымасьць і ім няма чаго баяцца, і калі яны выключаныя за свае погляды, за грамадзянскую пазыцыю, яны будуць дакладна навучацца ў іншых краінах. У Польшчы зараз 250 ці трохі больш студэнтаў. Недзе каля 50 чалавек у Чэхіі. У Эстоніі вучыцца 10 чалавек па праграме дапамогі. Таксама ёсьць іншыя краіны, дзе індывідуальна паступалі нашыя студэнты: у Нямеччыне, у Францыі — ў Сарбоне, у Румыніі ёсьць дзяўчына. Завочнікі вучацца ва Ўкраіне, падтрыманыя Эўрапейскім зьвязам.

— Наколькі я ведаю, вы займаецеся ня толькі рэпрэсаванымі студэнтамі, але і наогул дапамагаеце рэпрэсаваным людзям. Раскажыце, калі ласка, пра гэты бок дзейнасьці камітэту «Салідарнасьць». І асабліва цяпер, пасьля Плошчы 19 сьнежня.

— На самой справе мы займаемся праблемай рэпрэсаваных і іх сем’яў. Гэта ёсьць салідарнасьць, калі чалавек адчувае, што ў момант бяды ён не застаецца сам з сабою і сваёй праблемай. Наша дзейнасьць дастаткова шырокая: мэдычная дапамога — людзей зьбівалі падчас Плошчы, псыхалягічная дапамога, дапамога сем’ям тых, хто знаходзіцца ў вязьніцы КДБ, і проста дапамога тым, хто звольнены з працы за сваю грамадзянскую пазыцыю, бо хаця б і разова ім трэба дапамагчы і шукаць магчымасьці працаўладкаваньня ў Беларусі ці за яе межамі.

— Якая чалавечая гісторыя вам запомнілася найбольш?

— Апошняя гісторыя — гісторыя маці і сына з Горадні — Бусько Валянціны Антонаўны і яе сына Яўгена Бусько, якія прыехалі 19 сьнежня на Плошчу. Сын прыехаў удзельнічаць, а маці прыехала, бо не магла пакінуць сына самога. Таму яны разам удзельнічалі ў Плошчы і разам атрымалі арышты. Маці — 10 сутак, а сын — 15. Маці працавала адвакаткай у Горадні і калі яна выйшла пасьля 10 сутак, то паехала дахаты, каб падаць касацыйную скаргу ў абарону сына. Не пасьпела яна з гэтым дакумэнтам дайсьці да чыгуначнага вакзалу, ёй патэлефанавалі і сказалі, што яна звольненая і больш не зьяўляецца адвакатам. А Жэня, які вучыцца на фізыцы-матэматыцы, хацеў здаць сэсію, але ня справіўся зь ёй і зараз выключаны студэнт. Маці засталася бяз працы, а сын без вучобы.

— Дзе вас можна знайсьці?

— Прапануем тэлефанаваць. Менскі нумар 280-88-63, і мой нумар velcom 620-34-87, а там дамовімся на сустрэчу, дзе раскажам, што і як можна зрабіць, калі ня дай Бог, вы пацярпелі. Ня бойцеся, не застанецеся самі. Наш сайт — salidarnasc.org.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны