Навіны Навіны Беларусі

«Я лічу, што я шчаслівы»

«Я лічу, што я шчаслівы»

2694 праглядаў Віцебск Бешанковічы
Журналісты падрыхтавалі дакументальны фільм пра Георгія Станкевіча — выдаўца, настаўніка, перакладчыка, барда, сябра Руху «За Свабоду» і «БАЖ» і проста неардынарнага чалавека з-пад Бешанковічаў.

Стужка доўжыцца 14 хвілінаў. У ёй Георгі распядае пра сваё вясковае жыццё, як садзіць бульбу і буракі, трымае пчол і трох кароў. Ён ахвяруе ўласныя грошы на сваю самвыдатаўскую газету «Крывінка» і на выданне паэтычных зборнікаў, апошні з якіх — «Як слязінка дажджу» — ужо пяты па ліку.

Аўтары фільма — сябры БАЖ, журналісты Алена Сцяпанава (Віцебск), Аляксандр Зянкоў (Барысаў).

На мінулым тыдні у Віцебску прайшла прэзентацыя «Як слязінка дажджу» і дакументальнай кінастужкі «Я лічу, што я шчаслівы», прысвечанай аўтару.

Георгі Станкевіч распавёў пра новы зборнік вершаў «Як слязінка дажджу», а таксама выканаў шмат песняў не толькі з новага зборніка, а таксама з папярэдняга — «Зорны воз». Напрыканцы імпрэзы ганаровы старшыня Віцебскай Рады ТБМ Іосіф Навумчык ушанаваў рупліўца роднага слова Георгія Станкевіча саколкай, распавёў сайту Pyx.by сябра Рады Руху «За Свабоду» Леанід Гаравы.

Амаль дзве гадзіны прэзентацыі праляцелі незаўважна, дадаў ён.

Я прыйшоў на зямлю

так даўно, што і вецер не ўспомніць,

колькі лапцяў стаптаў —

магу збіцца і не падлічыць

Еў, што Бог пасылаў,

накрываўся халоднаю поўняй,

быў шчаслівы, аднак,

як не быў венцаносец нічый.

Прытаміўся крыху.

Мне ўсё болей не спіцца начамі,

у спіжарні пачуццяў маіх

ціша стомлена спіць.

Сто пражытых вякоў

у нататніках, што за плячамі,

іх пазбыцца шкада

і абрыдла з сабою насіць.

Аксамітная ноч

да ног туліцца чорнаю коткай,

я начую з такой,

бо цяплей з ёй на слоце заснуць.

Столькі зорак міргае

ў нябёсах далёкіх, зіхоткіх,

ды няма ўжо між іх,

хто аднойчы б мне мог падміргнуць.

У засеках душы

засталося інстынктаў не густа.

Вецер выпетраў іх —

гэты вечны няўрымслівы бомж.

Сёння з’ем на вячэру

апошнюю хлеба я лусту,

потым лягу пад куст

і навекі засну быццам дождж

16.11. 2015 г.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны